wd wp Пошук:

Лыткавая цягліца

Тапаграфія правай лыткавай цягліцы.

Лы́ткавая цяглі́ца[1] (лац.: m. gastrocnemius), або Ікрано́жная мы́шца[2] — парная цягліца, размешчаная на задняй паверхні галёнкі чалавека. Разам з камбалападобнай цягліцай утварае трохгалоўкавую цягліцу галёнкі. Лыткавая цягліца ўтворана дзвюма моцнымі мясістымі галоўкамі — медыяльнай і латэральнай. Больш моцная медыяльная галоўка, лац.: caput mediale, бярэ пачатак ад падкаленевай паверхні над медыяльнай мышчалкай сцегнавой косці, а латэральная галоўка, лац.: caput laterale, — сіметрычна ёй, але крыху ніжэй, над латэральнай мышчалкай сцегнавой косці. Пад кожным з сухажыллеў апісаных галовак на мышчалках знаходзяцца адпаведна медыяльная падсухажыльная сумка лыткавай цягліцы, лац.: bursa subtendinea musculi gastrocnemii medialis, і латэральная падсухажыльная сумка лыткавай цягліцы, лац.: bursa subtendinea musculi gastrocnemii lateralis. Сваімі пачатковымі аддзеламі галоўкі абмяжоўваюць знізу падкаленевую ямку. Накіроўваючыся ўніз, абедзве галоўкі злучаюцца разам прыблізна на сярэдзіне галёнкі, а потым пераходзяць у агульнае сухажылле.

Функцыя

Ажыццяўляецца ў складзе трохгалоўкавай цягліцы галёнкі, якая згінае галёнку ў каленным суставе, ажыццяўляе згінанне ступні, паднімае пятку і пры фіксаванай ступні цягне галёнку і сцягно назад.

Кровазабеспячэнне

Цягліца забяспечваецца крывёю з задняй вялікагалёнкавай артэрыі (лац.: a. tibialis posterior).

Інервацыя

Цягліца інервуецца вялікагалёнкавым нервам (лац.: n. tibialis) праз наступныя спіннамазгавыя сегменты: LIV—SII.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Ярашэвіч С. П., Байцоў Л. М., Кавалёва Д. В., Лабко П. І. Анатамічны слоўнік: руска-беларуска-лацінскі, беларуска-лацінскі, лацінска-беларускі = Анатомический словарь: русско-белорусско-латинский, белорусско-латинский, латинско-белорусский. — Мінск: Выдавецтва «Дизайн ПРО», 1998. — 480 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-6182-63-8.
  2. Машчанка М. В., Барысаў А. Л. Біялогія: вучэбны дапаможнік для 9-га класа устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. — 3-е выданне. — Мінск: «Народная асвета», 2011.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Цягліцы галёнкі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле