wd wp Пошук:

Лукаш Багданавіч Гарабурда

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гарабурда. Лукаш Багданавіч Гарабурда (? — пасля 1585) — вялікалітоўскі дыпламат. Дваранін каралеўскі, дзяк гаспадарскі (узгадв. 1550), суддзя земскі полацкі (1570 — да 1572).

З роду Гарабурдаў. Дзедзіч Слезніч і Кузьмінскага ў Полацкім ваяводстве.

Удзельнік пасольства ў Маскву ў 1536—1537 г., перамоў з маскоўскімі пасламі ў 1554 і 1558 годзе, пасол у Маскву ў 1558 і, разам з канюшым віленскім, дзяржаўцам васілішскім Я. Ю. Ваўчком, у 1560 годзе.

Пасля ўзяцця Полацка маскоўскімі войскамі (1563) Лукаш трапіў у палон разам з усёй сям’ёй, у т.л. унукамі, цёшчай і слугамі. Спачатку ўтрымліваўся разам з іншымі палоннымі ў палатах маскоўскага баярына Івана Пятровіча Фёдарава, затым, 26 красавіка 1566 года, цар загадаў перавесці іх у турму, а сем’і жорстка ізаляваць ад наведвальнікаў.

Брат Лукаша, Міхаіл Гарабурда, вёў перамовы пра яго выкуп або абмен на двух палонных дзяцей баярскіх і 300 злотых ў дадатак. Маскавіты ацэньвалі Л. Гарабурду значна даражэй і прапаноўвалі абмен на трох дзяцей баярскіх і 200 венгерскіх залатых, або на князя Васіля Цемкіна з вялікай даплатай. У адказ М. Гарабурда прапаноўваў двух іншых, больш знатных дзяцей баярскіх. Урэшце, Лукаш Гарабурда быў вызвалены з маскоўскага палону толькі ў вясну 1569 года.

Выступіў на Люблінскім сойме 10 жніўня 1569 года. Намінаваны вял.князем Жыгімонтам Аўгустам 28 ліпеня 1570 года на ўрад суддзі земскага полацкага. Урад займаў не доўга, згадваецца без гэтага тытула ўжо ў 1572 годзе, да гэтага часу, напэўна, адмовіўся ад яго на карысць свайго зяця Есіфа Іванавіча Корсака. Быў кандыдатам у паслы на сойм 1572 года.

Паводле А. Банецкага, у 1585 годзе Лукаш Гарабурда склаў тастамент.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Суддзі земскія полацкія
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Гарабурды
Катэгорыя·Дыпламаты Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Дзякі гаспадарскія
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Асобы