Леон Нікаля Брылюэн (фр. Léon Nicolas Brillouin, 18 жніўня 1889, Сеўр, Францыя — 4 кастрычніка 1969, Нью-Ёрк, ЗША) — французскі і амерыканскі фізік, заснавальнік сучаснай фізікі цвёрдага цела.
Сям’я Брылюэна мела глыбокія навуковыя традыцыі. Яго прадзед па матчынай лініі, Шарль Брыё, займаў пасаду прафесара ў Сарбоне, дзед, Элётэр Маскар, выкладаў эксперыментальную фізіку ў Калеж дэ Франс і быў вядомы працамі ў галіне оптыкі і зямнога магнетызму. Яго бацька, Марсель Брылюэн на працягу 32 гадоў загадваў кафедрай тэарэтычнай фізікі ў Калеж дэ Франс і быў прызнаным фізікам-тэарэтыкам.
У 1908 годзе Брылюэн-малодшы паступае ў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы, дзе да гэтага вучыўся і яго бацька. Яму не падабаўся курс фізікі, таму ён наведваў курсы Поля Ланжэвена ў Калеж дэ Франс, на якіх упершыню даведаўся пра тэорыю адноснасці і квантавую механіку. Праслухаў таксама і курсы Жана Перэна па атамнай фізіцы і Мары Кюры па радыеактыўнасці.