Кры́вія[1][2] (таксама Крыві́ччына[3][4], Крыві́цкая зямля[5]) — беларуская гістарычная вобласць, размешчаная ў верхнім і сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны,а таксама ў вярхоўях Дняпра і Волгі, якая характарызуецца актыўным балта-славянскім сінтэзам.
Найбольш аргументаванай выглядае гіпотэза, згодна з якой назоў паходзіць ад імя міфічнага пачынальніка пэўнай рэлігійнай традыцыі — вярхоўнага жраца Крыва (Крыва-Крывейтэ), культ якога быў характэрны для большасці балцкіх народаў. Гэтую версію падтрымлівалі Г. Мілер, Н. Карамзін, Т. Нарбут, А. Кіркор, В. Сядоў і інш. Паводле іншых версіяў назва паходзіць ад слова «крэўныя», гэта значыць родныя па крыві, або ад характара «крывой» або пагорыстай мясцовасці.
У канцы X ст. на тэрыторыі Крывіі, гэта значыць на тэрыторыі рассялення крывічоў склалася Полацкае княства, насельніцтва якога называлася крывічамі ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162 гг. У іх жа князі Полацка неаднаразова называюцца “крыўскімі князямі”.
Нягледзячы на тое, што тэрыторыя рассялення крывічоў не ахоплівае ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі, дзеячы беларускага нацыянальнага Адраджэння пачатку XX ст. (напрыклад, В. Ластоўскі) на аснове таго, што асноўная частка тэрыторыі, якая раней насялялася крывічамі, практычна дакладна паўтарала паўночныя і паўночна-ўсходнія этнаграфічныя і лінгвістычныя межы тэрыторыі рассялення беларускага народа, прапаноўвалі атаясамліваць паняцці “Беларусь” і “Крывія”.
Такім чынам, можна казаць, што гістарычная Крывія сёння знаходзіцца на тэрыторыі трох сучасных дзяржаў: Беларусі, Латвіі і Расіі.
З тапонімам “Крывія” і этнонімам “крывічы” звязана паходжанне назваў шэрагу сельскіх населеных пунктаў Гродзеншчыны, Міншчыны, Віцебшчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі і сумежных краін.
У латышскай мове і па сёняшні дзень называюць Расію Крыевіяй (латыш. Krievija), а Беларусь — Балткрыевіяй (латыш. Baltkrievija). Гэта прыклад экстрапаляцыі тапоніма “Крывія” і этноніма “крывічы” на прадстаўнікоў усіх славянамоўных этнічных груп і тэрыторыю іх пражывання, жыўшых на ўсход і паўднёвы ўсход ад этнічнай тэрыторыі продкаў сучасных латышоў у эпоху сярэднявечча.