wd wp Пошук:

Карапузікі

Карапу́зікі[1] (Histeridae) — сямейства жукоў, якое ўключае больш за 3500 відаў.

Апісанне

Даўжыня ад 1 да 25 мм, але звычайна іх памеры не перавышаюць 10 мм. Цела моцна склерытызаванае, шчыльнае, пукатае, авальнае або амаль круглае, радзей цыліндрычнае або плоскае. Афарбоўка, чорная, бурая, часта з металічным бляскам. Вусікі каленчатыя, з доўгім асцюком, 6-7-сегментным жгутком і шчыльнай булавой. Галава цесна прылягае да пярэднегрудзей, звычайна можа ўцягвацца. Надкрылы ўкарочаныя, нярэдка з чырвонымі і жоўтымі плямкамі. Шчыток маленькіх памераў, часам нават незаўважны. Брушка з пяццю свабоднымі стэрнітамі. Тазікі расстаўленыя, асабліва шырока — заднія. Ногі капальныя, шчыльна прыціскаюцца да цела (так робяць пры небяспецы). Формула лапак 5-5-5 (за выключэннем рода Acritus і блізкіх родаў, у якіх заднія лапкі чатырох-сегментныя).

Пашырэнне

Пашыраны пераважна ў трапічных зонах. У беларускай фауне сустракаецца 61 від, 20 родаў.

Асаблівасці біялогіі

Драпежнікі, жукі і лічынкі кормяцца пераважна лічынкамі іншых насякомых.

Большасць карапузікаў жывуць у мерцвячыне, гноі, у загнілых раслінных рэштках, многія — у хадах насякомых пад карой і ў драўніне, некаторыя — у гнёздах птушак і сысуноў або мурашніках. Насякомыя з родаў Hister, Saprinus трапляюцца ў жылых памяшканнях, складах, знішчаюць лічынак шкоднікаў харчовых прадуктаў.

Зноскі

  1. Напісанне Карапузікі ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.8. Мн., 1999, С.55

Літаратура

Андрушэўская С. Л. Карапузікі // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Карапузікі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Сямействы насякомых
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта