Калюшка малая паўднёвая (Pungitius platygaster) — від рыб сямейства колюшкавых.
Даўжыня цела да 7 см, маса — крыху больш за 1 г. Цела пакрыта не луской, а маленькімі касцянымі пласцінкамі. Перад спінным плаўніком 8—11 асобна пасаджаных калючак, нахіленых напераменку ў розныя бакі. У брушным і анальным плаўніках маецца па адной калючцы. Ад калюшкі дзевяцііголкавай адрозніваецца больш высокім і кароткім целам, афарбоўкай. Спіна цёмна-зялёная ці аліўкава-зялёная, бакі светла-зялёныя. У перыяд нерасту самцы чарнеюць.
Насяляе саланаватыя ўчасткі Чорнага, Азоўскага і Каспійскага мораў і рэкі, што ўпадаюць у іх. На Беларусі ўпершыню выяўлена ў нізоўі беларускай часткі р. Дняпро (Брагінскі раён)[1].
Насяляе зарослыя пагружанай воднай расліннасцю ўчасткі вадаёмаў, у т.л. прэснаводных.
Вядзе скрытны спосаб жыцця. Прытрымваецца, не ўтвараючы чарод і скопішчаў, неглыбокіх стаячых ці паўпраточных участкаў вадаёмаў з добра развітай воднай расліннасцю.
Корміцца бентасам і зоапланктонам. Бентасныя жывёлы (лічынкі казурак, галоўным чынам дробныя лічынкі хіранамід, ракападобныя, малюскі) пераважаюць у рацыёне. Есць таксама ікру рыб, расліннасць.
Палаваспелай становіцца на другім годзе жыцця. Нераставанне парцыённае ў канцы красавіка — чэрвені. За адзін раз выкідваецца 60—90 ікрынак, за сезон 300—550 (5—6 нерастовых актаў). Самец будуе гняздо з фрагментаў раслін і шлюбным танцам запрашае самку. Пасля нерасту ахоўвае патомства. Маляўкі растуць хутка.
Жыве да 3 гадоў. Часам паядаецца акунём, судаком і іншымі відамі драпежных рыб.
Прамысловага значэння не мае.