wd wp Пошук:

Дубровенскі строй

Дубровенскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Падзвінні. Бытаваў у 19 — пачатку 20 ст. пераважна ў Віцебскай вобласці, часткова на Смаленшчыне. У Дубровенскім строі пераважалі блакітныя фарбы (паўплывала набіванка) і дробнаклятчастыя ўзоры ў паясных адзежынах.

Жаночае адзенне

Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарак, саматканка), ільнянога фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян — накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі (лалікі), гесткай, будзённую і споднюю — тунікападобнай. Разрэз размяшчаўся на цэнтры грудзей, стаячы каўнер (1,5 — 3 см) зашпіляўся шпонкай ці гузікам або сцягваўся чырвонай стужкай. Аздабленне вызначалася паліхромнасцю: узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з рознаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геаметрычныя формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным, чорным, жоўтым, зрэдку паскамі медна — чырвоных бліскавак. Спадніцу кроілі ў 4 — 6 полак з пярэстатканага сіне — белага, чырвона — бурачковага палатна. Спадніцу з ліфам шылі з 2, часам розных па якасці і колеру тканін, дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер, а разнаколерныя ніткі чаргавалі з саламянымі прожылкамі (крыглікамі). Суконную світу ў выглядзе безрукаўкі пацягвалі белым каленкорам, аздаблялі нашыўкамі чырвонага сукна, лапікамі чорна — белай аўчыны ўздоўж зрэзаў. Галаўныя ўборы жанчыны — хусткі, чапцы.

Мужчынскае адзенне

У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля, нагавіцы, пояс. Жаночай і мужчынскай вопраткай былі армяк, світа, бурка, насоў, кажух.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Этнаграфія Беларусі
Катэгорыя·Беларускі касцюм
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Гісторыя Смаленскай вобласці
Катэгорыя·Паазер’е
Катэгорыя·Адзенне
Катэгорыя·Культура Смаленскай вобласці
Катэгорыя·Гісторыя Віцебскай вобласці
Катэгорыя·Культура Віцебскай вобласці