Дом мяшчанкі Эцінген — будынак у Мінску, размешчаны ў Верхнім Горадзе, па адрасе вул. Герцэна, 4.
Пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя на гістарычнай Малой Бернардзінскай вуліцы. Пазначаны на шматлікіх планах Мінска з пачатку ХІХ стагоддзя[1].
Пачынаючы з сярэдзіны ХІХ ст. ўладальнікам гэтага будынка была мяшчанка Хана Эцінген, якой належалі «мураваны 2-павярховы дом з хлявамі і зямлёй». Збудаванні належалі ёй да канца ХІХ стагоддзя[1].
У 1904 годзе мураваны будынак разам з гаспадарчымі пабудовамі і зямельным пляцам набыў аўстрыйскі падданы Ківа Рапапорт. У гэты час асноўныя памяшканні будынкаў працягвалі выкарыстоўвацца пад жыллё. На першым паверсе мураванага дома, які выходзіў на Малую Манастырскую вуліцу, знаходзілася кравецкая майстэрня[1].
Двухпавярховы чатырохвугольны ў плане цагляны будынак накрыты двухсхільным дахам[2], тарцы якога прыкрывалі 3-х вугольныя франтоны, выкананыя ў тэхніцы «прускага мура»[1]. Першы паверх не атынкаваны і выкананы з вялікіх камянёў у тэхніцы разынкавай муроўкі[1]. Агульная сіметрычная кампазіцыя галоўнага фасада парушаецца арачным праездам, які ссунуты ад вертыкальнай восі сіметрыі. Цэнтральная частка будынка вылучана трохвугольным франтонам, у тымпане якога прарэзана маленькае квадратнае акно. Пад дахам на перыметры праходзіць развіты шматслойны карніз. Прамавугольныя вокны размешчаны ў неглыбокіх дэкаратыўных нішах паўцыркульнага абрысу. У цэнтры галоўнага фасада на 2-м паверсе навісае балкон з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Будынак — помнік архітэктуры класіцызму[2]
У двары знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку аднапавярховая мураваная афіцына[1].