Дом Локшына — будынак у гістарычным цэнтры Магілёва. Размешчаны па Ленінскай вуліцы, 10.
Пабудаваны ў канцы ХІХ ст. на вул. Вялікай Садовай як жылы будынак. Належаў Локшыну. Верхні паверх займалі жылыя кватэры, на ніжнім размяшчаўся шэраг крам[1].
У 1920-х гг. будынак нацыяналізаваны. Выкарыстоўваўся як жылы. На пачатку 1990-х гг. былі праведзены рэканструкцыя і капітальны рамонт МЖК. Цяпер гэта жылы дом, на першым паверсе якога размешчана гарадская арганізацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў[1].
Дамы № 6, 8, 10 з’яўляюцца адзіным комплексам забудовы, які галоўным фасадам выходзіць на чырвоную лінію забудовы вул. Ленінскай. Дом № 10 уяўляе сабой трохпавярховы, прамавугольны ў плане будынак з праезнай аркай з цыліндрычным скляпеннем (закладзена). У афармленні фасадаў выкарыстаны рустоўка, карнізныя паяскі, прамавугольныя падаконныя нішы. На першым і другім паверхах аконныя праёмы прамавугольныя, на трэцім — арачныя з ліштвамі[2]. Цэнтр фасада акцэнтаваны двума балконамі на другім паверсе і двума балконамі — на трэцім паверсе[1]. Будынак завершаны тонкапрафіляваным карнізам[2] і франтонам з трыма арачнымі вокнамі[1]. Унутраная планіроўка зменена[2].