Дом Крукоўскага — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 9, на рагу з Камсамольскай вуліцай. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.
У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная і мураваная забудова, якая была моцна пашкоджана падчас вялікага пажару 1881 года[1].
Адразу пасля пажару быў распрацаваны праект на будаўніцтва новага мураванага дома, які галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Койданаўскую. Гэта было трохпавярховае прамавугольнае ў плане збудаванне, накрытае двухсхільным дахам, які быў аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на ярусы прафіляванымі цягамі. У цэнтры будынка знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных і лучковых аконных праёмаў. Аконныя і дзвярныя праёмы першага паверха не мелі ліштваў. Вокны другога паверха былі аздоблены сандрыкамі. У двары знаходзіўся комплекс мураваных і драўляных гаспадарчых пабудоў[1].
У канцы XIX стагоддзя ўладальнікам гэтага будынка з’яўляўся мінскі мешчанін Іван Крукоўскі[1].
Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку памяшканняў першага і другога паверхаў у доме Крукоўскага займала гасцініца, якая мела 13 нумароў. Значная частка трэцяга паверха выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры. Акрамя таго, на першым паверсе знаходзілася бакалейная лаўка, а таксама гадзіннікавыя майстэрня і крама[1].
Пасля 1920 года былы дом Крукоўскага нацыяналізаваны[1].
У часы Другой сусветнай вайны моцна пацярпеў. Пасля вайны значная частка будынка разбурана, на месцы якой ў 1950-я гады быў пабудаваны вялікі трохпавярховы будынак, які галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Камсамольскую[1].