wd wp Пошук:

Дамара

Дама́ра (саманава: Damaqua) — народ у Намібіі. Размаўляе на кайсанскай мове, аднак мае адрознае ад кайсанскіх народаў паходжанне. У 2014 г. налічвалася каля 140 000 дамара.

Паходжанне

Паходжанне дамара пакуль мала даследавана. Яны размаўляюць на той жа мове, што і нама, аднак знешне выглядаюць як банту і адасабляюць сябе ад кайсанскіх народаў. Згодна меркаванням антраполагаў, дамара могуць быць нашчадкамі першых банту, якія мігрыравалі ў Паўднёвую Афрыку або прадстаўнікоў больш ранняй міграцыі іншых моўных груп з Цэнтральнай Афрыкі.

Згодна паданням саміх дамара, іх продкі з канца XIV ст. мелі агульнага вярхоўнага правадыра і насялялі рэгіён ракі Куненэ. Аднак у XVII ст. дамара пацярпелі паражэнне ад ворагаў і былі вымушаны разысціся ў розныя раёны сучаснай цэнтральнай Намібіі.

З канца XVIII ст. дамара знаходзіліся ў саюзніцкіх адносінах з нама, ад якіх перанялі мову і лад жыцця жывёлагадоўцаў.

Асаблівасці культуры

Да з’яўлення ў Намібіі белых перасяленцаў дамара вялі качавы лад жыцця, займаліся паляваннем і збіральніцтвам, у меньшай ступені — жывёлагадоўляй. У нашы дні жывёлагадоўля з’яўляецца найбольш важным заняткам сельскіх жыхароў. Дамара трымаюць буйныя статкі авечак і кароў. Земляробства адыгрывае дапаможную ролю. Многія дамара жывуць у гарадах, працуюць у адміністрацыі і на прадпрыемствах. Традыцыйныя рамёствы — здабыча медзі, выраб керамікі.

Традыцыйна дамара падзяляюцца на 11 рэгіянальных супольнасцяў хаоці. Яны ўзніклі ў выніку раз’яднання XVII ст. Хаоці складаюцца з вялікіх пашыраных сем’яў. Дамара не фарміруюць асобныя паселішчы, але нават у гарадах імкнуцца жыць асобна ад прадстаўнікоў іншых этнічных груп. Фармальна ўсе хаоці падпарадкоўваюцца адзінаму вярхоўнаму правадыру, які такма ўзначальвае палітычную партыю Аб’яднаны Дэмакратычны Фронт, што абараняе інтарэсы дамара.

Рэлігія

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні заснаваны на шанаванні вярхоўнага бажаства Кгамаб, што жыве на небе, распараджаецца вадой і жыццём людзей. Пасля смерці душы накіроўваюцца да Кгамаб. Рытуалы шанавання ўключаюць сумесныя зборы ля вогнішча, распіванне святых напояў.

З канца XIX ст. многія вернікі-дамара спавядаюць пратэстантызм.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Народы Афрыкі
Катэгорыя·Кайсанскія народы
Катэгорыя·Народы Паўднёвай Афрыкі
Катэгорыя·Народы Намібіі