wd wp Пошук:

Гродзенскі УР

68-Ы ГРОДЗЕНСКІ ЎМАЦАВАНЫ РАЁН, скароч. ГУР, умацаваны раён у наваколлі Гродна, які будаваўся ў перыяд лета 1940—1941 згодна з планам прыкрыцця новай дзяржаўнай мяжы (1939).

Генеральны план работ прадугледжваў збудаванне 1-й лініі ўмацаванняў у 1940—1941, 2-й лініі — у перыяд да 1945. Мусіў займаць фронт 80 км, ад Нёмана на У ад г.Сапоцкін і да в.Ганендза, з глыбінёй абароны 5—6 км, і складацца з 606 дотаў, аб’яднаных у 3 вузлы абароны (#1 Сапоцкінскі (р-н Галавенчыцы-Маркаўцы), #2 Багатыры-Ліпск, #3 Старая Каменная-Трырэчкі) і 2 асобныя апорныя пункты. Паводле планаў — самы моцны з 4 УР Заходняй Асобай Ваеннай Акругі. Аперацыйнае падначаленне: штаб (Гродна). Аперацыйна-тактычная задача: прыкрыццё, супольна з палявымі войскамі, кірункаў Гродна-Ваўкавыск і Гродна-Беласток з боку Усходняй Прусіі.

Фактычна на пачатак вайны на Усходнім фронце (22.6.1941) ГУР складаўся з 37 узброеных дотаў (з 98 збудаваных у 1940), узбраенне дотаў ГУР складалі: 300 кулямётаў, 80 артсістэм 45 мм і 20 артсістэм 76 мм. Гарнізон ГУР складалі 9 (кап. Жыла) і 10 (кап. Лупаў) асобныя кулямётна-арт. бат-ны (рус. ОПАБ) і 232 асобная рота сувязі[1] Камендант ГУР: палкоўнік Іваноў.

На дату пачатку вайны ўмацаваны раён быў недабудаваным, недаўзброеным і недакамплектаваным асабовым саставам. Гэта, сукупна з няўдалым размяшчэннем УР адносна дзярж. мяжы, прывяло да таго, што меркаваных функцый па абароне ГУР не выканаў. Пераважная частка дотаў аказалася пустой, а доты, занятыя гарнізонамі, былі абыйдзены, блакіраваны, і паступова знішчаны. Некаторыя гарнізоны абараняліся да 27.6.1941.

Для падрыхтоўчых прац у 1940-1941 шырока мабілізоўвалася мясцовае насельніцтва Аўгустоўскага, Гродзенскага, Дамброўскага, Кнышынскага, Скідзельскага, Саколкаўскага і Сапоцкінскага раёнаў.

Зноскі

  1. Гарнізон быў пераведзены ў ГУР з Полацкага УР пасля верасня 1940.

Крыніцы

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Умацаваныя раёны СССР