wd wp Пошук:

Глебазнаўства

Глебазнаўства — навука пра глебу[1], як самастойнае прыроднае цела. Уваходзіць у склад прыродазнаўства, адносіцца да навук аб Зямлі. Глебазнаўства вывучае паходжанне, развіццё, будову, склад, уласцівасці, урадлівасць і распаўсюджванне глебаў, а таксама распрацоўвае меры па іх ахове і рацыянальным выкарыстанні.

Заснавальнік навукі пра глебу — рускі вучоны В. В. Дакучаеў.

Глебазнаўства выкарыстоўвае вынікі геалагічных даследаванняў рэчыўнага складу і ўласцівасцяў горных парод, якія выходзяць на дзённую паверхню зямной кары. Паверхневыя гарызонты горных парод, якія пад уздзеяннем глебаўтваральных працэсаў ператвараюцца ў глебу, называюцца мацярынскімі, або глебаўтваральнымі, пародамі. Іх уласцівасці і склад залежаць ад горных парод, разнастайнасць якіх вельмі вялікая. Асаблівая роля ў глебаўтварэнні належыць жывым арганізмам. Ад іх уздзеяння горная парода ператвараецца ў глебу і фармуецца яе ўрадлівасць.

Разнастайнасць кліматычных умоў, расліннасці, горных парод, рэльефу, розны ўзрост асобных тэрыторый абумоўліваюць вялікую якасную разнастайнасць глебы ў прыродзе. Маючы ўласцівасць урадлівасці, у сельскай гаспадарцы глеба — гэта галоўны сродак вытворчасці.

Чалавек значна ўплывае як на глебаўтварэнне, уласцівасці, рэжымы, урадлівасць глебы, так і на прыродныя фактары, што вызначаюць глебаўтварэнне. Такім чынам, глебазнаўства вывучае глебу, яе асобнае прыроднае цела, як сродак вытворчасці, як прадмет прыкладання чалавечай працы, а таксама, у вядомай ступені, як прадукт гэтай працы[2].

Зноскі

  1. Забавин. М.В. Почвоведение. — Саратов, 2004. — С. 04. — 54 с.
  2. Асновы аграноміі / пад рэд. Л. А. Верамейчык. — Мн., 1999

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Глебазнаўства
Катэгорыя·Навукі аб Зямлі