wd wp Пошук:

Герард Венгерскі

Герард Венгерскі

Св. Герард Венгерскі (каля 977, Венецыя — 24 верасня 1046, Буда) — (лац.: Gerardus, венг.: Gellért), Гелерт, Герхард, народжаны Джорджа Сагрэда — каталіцкі святы, бенедыкцін, біскуп, мучанік, асветнік Венгрыі.

Біяграфія

Герард Венгерскі. Помнік у Секешфехервары

Герард, тады яшчэ Джорджа Сагрэда, нарадзіўся ў Венецыі ў знатнай сям’і, прадстаўнік якой у 10261032 гадах быў дожам. На працягу пяці гадоў вучыўся ў манастырскай школе, прыняў пострыг у бенедыкцінскім кляштары Святога Георгія ў родным горадзе, пасля чаго быў накіраваны для працягу навучання ў Балонню. Скончыўшы адукацыю, ён вярнуўся ў Венецыю і ў 1012 годзе стаў прыёрам роднага кляштара.

Помнік Святому Герарду ў Будапешце

У 1015 годзе Герард вырашыў здзейсніць паломніцтва ў Святую зямлю, аднак дабрацца да яе яму было не наканавана: карабель, на якім ён плыў, патрапіў у буру і прычаліў на востраве Святога Андрэя Першазванага. У шляху ён пазнаёміўся з абатам з Венгрыі, які пераканаў яго застацца на час у яго краіне, сустрэцца з каралём Іштванам I і працягнуць свой шлях у Іерусалім праз Канстанцінопаль. Аднак апынулася так, што Герард правёў тут усё астатняе жыццё і прысвяціў яго справе ўмацавання хрысціянства ў Венгрыі.

У 1020 годзе кароль Іштван I, пазней прылічаны да ліку святых, запрасіў Герарда быць настаўнікам для яго сына Імрэ (Эмерыка), якія пазней таксама стаў святым. У 1023 годзе Герард сыйшоў у бенедыкцінскі клаштар, дзе правёў каля сямі гадоў. У 1030 годзе кароль Іштван паставіў Герарда біскупам новых земляў на поўдні краіны, адваяваных у язычніцкіх правадыроў. У далейшым Герард рупліва працаваў над распаўсюджаннем хрысціянскай веры ў гэтых землях, а таксама і па ўсёй Венгрыі.

У 1038 годзе памёр кароль, і язычнікі, скарыстаўшыся гэтым, пачалі помсціць хрысціянам. Біскуп Герард быў схоплены і пакараны смерцю. Яго пасадзілі ў бочку ў якой былі цвікі і кінулі з гары. Цяпер гара знаходзіцца ў межах Будапешта і носіць яго імя. Кананізацыя, нароўні з Іштванам I і яго сынам Імрэ, адбылася ўжо ў 1083 годзе пры Папе Рыгоры VII. Памяць Святога Герарда ў Каталіцкай Царкве — 24 верасня. Святы Герард лічыцца адным з заступнікаў Венгрыі.

Крыніцы

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 977 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1046 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Венецыі
Катэгорыя·Бенедыкцінцы
Катэгорыя·Памерлі ў Будзе
Катэгорыя·Мучанікі
Катэгорыя·Святыя паводле алфавіта
Катэгорыя·Каталіцкія святыя
Катэгорыя·Святыя Венгрыі
Катэгорыя·Хрысціянскія святыя XI стагоддзя
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 24 верасня