wd wp Пошук:

Геаграфія Латвіі

Карта

Латвія — еўрапейская дзяржава, што мае выхад да Балтыйскага мора. Адзінай думкі аб рэгіянальнай прыналежнасці Латвіі вучоныя не маюць: краіну адносяць як да Усходняй, так і да Паўночнай Еўропы. Агульная працягласць латвійскай мяжы складае 1866 км (з іх 1368 — сухапутная мяжа). На поўдні Латвія мяжуе з Беларуссю і Літвой на ўсходзе — з Расіяй, на поўначы — з Эстоніяй. З захаду краіна абмываецца Балтыйскім морам, у тым ліку даволі глыбока ўрэзаным у сушу мелкім Рыжскім залівам на паўночным захазде. У Балтыйскім моры Латвія мае марскую мяжу са Швецыяй, Літвой, Эстоніяй. Заходняя тэрыторыя, што выступае ў Балтыйскае мора, разглядаецца некаторымі географамі як Курляндскі паўвостраў.

Рэльеф

Агляд з узгорка Гайзінькалнс

Латвія размешчана на заходняй ускраіне Усходне-Еўрапейскай раўніны. Нягледзячы на нязначныя абсалютныя вышыні, латвійскія краявіды багатыя на ўзгоркі і азёры, што абумоўлена стваральнай працай старажытнага ледавіка, паходжаннем якому абавязаны ўзвышшы: Курземскае на захадзе, Латгальскае на ўсходзе і Відземскае ў цэнтральнай частцы. Да апошняга належць вышэйшая кропка краіны — узгорак Гайзінькалнс (312 м). Узбярэжжа ж Балтыйскага мора нізіннае і (нешырокая Прыморская нізіна) аднастайна пакатае. Іншыя нізіны разлегліся па берагах буйных рэк і на поўначы краіны.

Клімат

Латвія знаходзіцца ў пераходнай зоне паміж марскім і кантынентальным кліматам. На Курземскім паўвостраве пераважаюць рысы марскога клімату, кантынентальнасць расце на ўсход не толькі ў сувязі з павелічэннем аддаленасці ад мора, але і з ростам вышыні над яго ўзроўнем. Так на ўзгорак Гайзінькалнс снегавое покрыва кладзецца на 10-15 дзён раней чым на яго больш нізкія ваколіцы.

Рэкі і азёры

Буйнейшая рака Латвіі — Даўгава, так латышы называюць Заходнюю Дзвіну. Латвіі належаць 352 км яе ніжняга цячэння. Найбольшую працягласць на тэрыторыі Латвіі мае рака Гаўя (452 км). Азёры пераважна ледавіковага паходжання. Самае буйное возера Латвіі — Лубанс (80,7 км²).

Краявіды

Лясы займаюць 52 % тэрыторыі Латвіі.[1] У тыповым латышскім пейзажы пушчы чаргуюцца з палямі, сядзібамі і лугамі, плямы раллі перамяжаюцца бярозавымі гаямі. У Латвіі сотні кіламетраў неасвоенага марскога ўзбярэжжа, парослага сасновым лесам, аздобленага нізкамі выдмаў ды белых пясчаных пляжаў. Каля 9 % тэрыторыі занята балотамі, 70 % з якіх не крануты чалавекам. З фаўны распаўсюджаныя алені, лісы, ласі, ваўкі, бабры. Рэкі Латвіі — дом для буйнейшай ва ўсходняй Балтыі папуляцыі ласосевых рыбаў.

Ахова прыроды

Прырода краіны захоўваецца ў нацыянальных парках. У кожным з чатырох рэгіёнаў Латвіі створаны адзін парк: Гаўя ў Відземе, Кемеры ў Земгале, Слітэрэ ў Курземе і Разнас у Латгале. У 2012 Латвія была другой ў свеце пасля Швейцарыі паводле індэксу экалагічнай эфектыўнасці[2], што азначае як высокую ступень захаванасці экасістэм, так і беражлівае стаўленне да прыроды ў наш час.

Зноскі

  1. Гослеса. Лесистость Латвии 1925 - 2016 Архівавана 16 ліпеня 2022.
  2. https://archive.is/20120605011220/http://epi.yale.edu/epi2012/rankings
Тэмы гэтай старонкі (1):
Геаграфія Латвіі