wd wp Пошук:

Гасдрубал Баркід

Гасдрубал або Газдрубал (лац.: Hásdrubal; памёр 23 чэрвеня 207 да н. э.) — карфагенскі палкаводзец, які адыграў важную ролю ў Другой Пунічнай вайне. Быў другім сынам Гамількара Баркі і малодшым братам Ганібала. Калі апошні адправіўся паходам у Італію, Гасдрубал стаў камандуючым карфагенскімі сіламі ў Іспаніі (218 год да н. э.). У тым жа годзе ў рэгіёне з’явіліся рымскія войскі на чале з братамі Сцыпіёнамі, якія атрымалі падтрымку часткі мясцовых плямён. Гасдрубал ваяваў супраць іх з пераменным поспехам. У 216 годзе да н.э. ён атрымаў з Карфагена загад ісці ў Італію на злучэнне з братам, але ў самым пачатку шляху пацярпеў поўнае паражэнне пры Іберы і перапыніў паход.

З 215 года Гасдрубал быў адным з трох карфагенскіх ваеначальнікаў у рэгіёне. У 212 годзе сумесна з калегамі разграміў абодвух Сцыпіёнаў (апошнія загінулі ў баях), але рымляне захавалі частку сваіх пазіцый і даслалі новага камандзіра — Публія Карнелія Сцыпіёна, у будучыні Афрыканскага. Гасдрубал не змог перашкодзіць рымлянам узяць Новы Карфаген (209 год), а ў 208 годзе прайграў Сцыпіёну вялікую бітву пры Бекуле. Пасля гэтага ён рушыў, нарэшце, у Італію. Рымляне палічылі гэты паход вялікай пагрозай і засяродзілі супраць Гасдрубала войскі абодвух консулаў. У бітве на рацэ Метаўра ў Паўночнай Італіі ў чэрвені 207 года да н. э. карфагенская армія была знішчана, а сам Гасдрубал загінуў.

Зноскі

  1. Б. Л. И. З. Аздрубалъ // Энциклопедический лексикон — СПб.: 1835. — Т. 1. — С. 238.
Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 245 годзе да н.э.
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Постаці Карфагена
Катэгорыя·Памерлі ў 207 годзе да н.э.
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных