wd wp Пошук:

Гарадская ластаўка

Гарадская ластаўка, варанок (Delichon urbicum) — дробная птушка сямейства ластаўкавых.

Апісанне

Зграбная птушка з доўгімі, вострымі крыламі. Даўжыня цела 12-14 см, размах крылаў 26-29 см, маса каля 20 г. Хвост выемчаты. Апярэнне шчыльнае, верх цела металічна-гранатава-чорны, ніз белы; характэрная вызначальная рыса — белае надхвосце. Плюсна і пальцы густа апераны. Маладыя зверху карычнева-чорныя. Голас адрывісты «трык — трык», або «чырр — чырр».

Пашырэнне

Гарадская ластаўка на паштоай марцы Беларусі

Шырока распаўсюджаная ў Еўропе, Паўночнай Афрыцы і ўмераных шыротах Азіі да Сахаліна і Японіі, Ірана і Гімалаяў. Спарадычна сустракаецца ў Паўднёвай Афрыцы (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка і Намібія). На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.

Першапачаткова жыхарка скал, лёгка адаптавалася да жыцця ў гарадскіх умовах. Насяляе вёскі, радзей гарады (нават іх цэнтры, а не толькі прадмесці), масты; у некаторых раёнах — скальныя абрывы (напр., на Каўказе, у Цэнтральнай Азіі, у Швейцарыі, дзе даходзіць да 2200 м). На Кіпры аддае перавагу скалістым узбярэжжам і скалам. Біятоп харчавання — адкрытыя тэрыторыі, часта паблізу вады; пасля гнездавання — адкрытыя мясцiны паблізу зараснікаў трыснягу або вярбы (месца начлегу).

Пералётны від. Пад час пералётаў чародамі трымаецца ў зарасніках трыснягу. Месца зімовак: Трапічная і Паўднёвая Афрыка, Паўднёвая і Паўднёва-Усходняя Азія, у невялікай колькасці зімуе ў басейне Міжземнага мора і нават у Заходняй Еўропе (на поўнач да Вялікабрытаніі і Ірландыі).

Асаблівасці біялогіі

Ластаўка п’е

Корміцца на ляту насякомымі (двухкрылымі, матылямі, жукамі), а таксама павукамі. П’е, пралятаючы над паверхняй вадаёмаў.

Ластаўка ля гнязда

Гняздуе ў калоніях. Гняздо можа ладзіць на знешнiм баку будынка, пад прыкрыццем павецi, гарышчаў і да т.п., пад мастамі, віядукамі, на скалах і нават лёсавых ярах (напр., над Волгай). Яно паўшарападобнае з дахам зверху і авальнай адтулінай збоку бліжэй да верху, будуецца з кавалкаў гразі (часам з прымессю мякiны), злепленых слінай. Багатая высцілка з сухой травы, шэрсці, валосся і пёраў (ніколі не выступае за адтуліну). Шырыня пабудовы 11-20 см (выключна да 30 см), вышыня — 7-18 см, адтуліна: шырыня 4-6 (выключна да 10 см), вышыня 1,5-4,5 см.

Яйкі

Яйкі (4-5, радзей 2-6) эліптычныя крыху падоўжаныя, белыя са слабым бляскам, вельмі рэдка са светла-чырвонымі крапінамі. Наседжвае на працягу 12-15 сутак.

Падвіды

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Птушкі Афрыкі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Птушкі Еўразіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Ластаўкавыя
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе