У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кульбачанка. Віктар Яўгенавіч Кульбачанка (1962—2007) — беларускі альпініст. Заслужаны майстар спорту РБ. Майстар спорту міжнароднага класа па альпінізме і скалалазанні.
Віктар Кульбачанка нарадзіўся ў 1962 годзе ў Светлагорску. У 1976 годзе з сям’ёй пераехаў у Жодзіна, дзе ён у 1979-м скончыў СШ № 2, а ў 1985 годзе — Мінскі медыцынскі інстытут па спецыяльнасці «ўрач-гігіеніст»[1].
Займаўся прамысловым альпінізмам[1].
Жыў у Зеленаградзе разам з жонкай і дачкой Ульянай. У чэрвені 2007 года быў знойдзены мёртвым у падмаскоўным возеры[2].
Пахаваны ў Жлобіне[2].
Сваё першае ўзыходжанне здзейсніў у 1981 годзе ў альплагеры «Узункол». Далей былі горы Каўказа, Паміра-Алая, Цянь-Шаня[1].
Быў урачом у беларуска-югаслаўскай экспедыцыі 1990 года на піку Каржанеўскай. Здзейсніў сем узыходжанняў вышэйшай катэгорыі складанасці ў двойцы[1].
У 1991 годзе атрымаў званне «Снежны барс» за заваяванне ўсіх «сямітысячнікаў» СССР[3].
Лепшыя ўзыходжанні: Улу-Кара, Улу-Тау Усходняя ў двойцы, пік Камунізму, пік Перамогі, пік Вольная Іспанія ў двойцы зімой, Канчэнджанга — 1994 год[1].
18 мая 1998 года стаў першым грамадзянінам Беларусі, які здзейсніў паспяховае ўзыходжанне на гару Эверэст[1].