У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Цемушаў. Віктар Мікалаевіч Цемушаў (4 сакавіка 1975, Бабруйск, БССР, СССР — 23 чэрвеня 2011, Мінск, Беларусь) — беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Брат-блізнюк Сцяпана Цемушава
Скончыў гістарычны факультэт БДУ (1997) з чырвоным дыпломам. Некаторы час член Федэрацыі анархістаў Беларусі. На момант сканчэння ўніверсітэта працаваў у школе настаўнікам, кіраваў некалькімі гурткамі пры школе і Цэнтры пазашкольнай работы, клубам у Дырэкцыі па справах культуры БДУ. Гуляў са сваёй камандай «Паняверкі» у інтэлектуальныя гульні.
Скончыў магістратуру (1998) і аспірантуру (2001) пры гістарычным факультэце БДУ. Абараніў дысертацыю па гістарычнай геаграфіі першапачатковага Маскоўскага княства на тэму «Территория и границы Московского княжества в конце XIII — первой половине XIV в.» (2002). Навуковы кіраўнік — Алег Яноўскі. Быў запрошаны Георгіем Галенчанкам на працу ў аддзел спецыяльных гістарычных навук Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
З 2002 года працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. 15 ліпеня 2002 г. — залічаны на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка, 15 красавіка 2004 г. — пераведзены на пасаду навуковага супрацоўніка, 15 красавіка 2005 г. — пераведзены на пасаду навуковага супрацоўніка інфармацыйна-аналітычнага аддзела, у 2007—2008 г. — узначальваў аддзел выдавецкай і інфармацыйна-аналітычнай работы, з 2008 года — у аддзеле гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу.
Таксама з 2001 года па сумяшчальніцтве працаваў на кафедры гісторыі Расіі гістарычнага факультэта БДУ, некаторы час выкладаў у Юрыдычным каледжы БДУ, супрацоўнічаў з Ліцэям БДУ.
У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі пазнаёміўся з Міхаілам Спірыдонавым, буйнейшым спецыялістам па гістарычнай геаграфіі Беларусі, які аказаў на яго значны ўплыў. Кірункі навуковай дзейнасці: гісторыя і гістарычная геаграфія Усходняй Еўропы 9-16 ст. На працягу 8 гадоў вывучаў маскоўска-літоўскую мяжу. У планах навуковай дзейнасці даследаванне г.зв. Падняпроўскіх (Рускіх) і Падзвінскіх валасцей, гістарычнай геаграфіі Цэнтральнай Беларусі.
Быў жанаты, меў дачку.
Памёр 23 чэрвеня 2011 года ад рака.