Віктар Жаўняровіч (27 жніўня 1913, Чыта — 27 лютага 2005, Францыя) — беларускі мастак і спявак.
Нарадзіўся 27 жніўня 1913 года ў Чыце ў Расійскай імперыі у сям’і чыгуначнага служачага, выхадца з беларускай Друі. Бацька быў прызваны на Першую сусветную вайну, адкуль не вярнуўся[1]. У 1922 годзе з маці вярнуўся ў Беларусь. Вучыўся ў гімназіі імя Л. Сапегі ў Друі, пазней у Кансерваторыі імя М. Карловіча ў Вільні па класе опернага вакалу.
Адначасова займаўся маляваннем, удзельнічаў у выстаўках Таварыства незалежных мастакоў. Быў знаёмы з Фердынандам Рушчыцам, Язэпам Драздовічам, Пётрам Сергіевічам.
Другая сусветная вайна перапыніла навучанне. У 1945 годзе апынуўся ў Францыі, працаваў на складзе паліва звычайным рабочым. Паступіў у Парыжскую кансерваторыю, дзе вучыўся пад кіраўніцтвам прафесара Бернаці, аднак немагчымасць атрымаць стыпендыю змусіла адмовіцца ад навучання. Спяваў і маляваў прыватна. З часам стаў удзельнікам найважнейшых мастацкіх выставак, што ладзіліся ў Парыжы, атрымоўваў узнагароды. Меў персанальную выстаўку, ладжаную БІНіМам у Нью-Ёрку. Тэмы твораў у яго былі ў асноўным беларускія.
Памёр 27 лютага 2005 года ў Францыі.