wd wp Пошук:

Вячэрніца малая

Малая вячэрніца (Nyctalus leisleri) — млекакормячае сямейства гладканосых (звычайных) лятучых мышэй.

Даўжыня цела да 68 мм, перадплечча да 46 мм. Адносна доўгая, густая поўсць спіны карычнева-рыжая, з прыкметным бляскам. Ніз валос цямнейшы за канцы. Брушка больш светлае, чым спіна. Вушы, губы і лятальная перапонка чорна-бурыя. Валасяное покрыва перапонак і вушэй дасягае найбольшага развіцця ў параўнанні з другімі відамі вячэрніц. Кароткія акруглыя вушы — тоўстыя і грубыя. Казялок няправільнай булавападобнай формы. Крылы вузкія і доўгія. Эпіблема вялікая з добра выяўленай касцявой перагародкай.

Пашырана ў паласе шыракалістых лясоў Еўропы ад Ірландыі, Вялікабрытаніі і Швейцарыі да Сярэдняга Паволжа і Усходняга Каўказа. Паўднёвая мяжа арэала цягнецца ад Швейцарыі праз Румынію, Крым і Заходняе Закаўказзе. Паўночная мяжа ва Усходняй Еўропе праходзіць па лініі Себеж — Яраслаўль — Кузнецк Саратаўскай вобласці. На Беларусі рэдкі пералётны від. Месцы пражывання: мяшаныя лесанасаджэнні з дуплістымі дрэвамі. Трапляецца паасобку і невялікімі калоніямі ў 20-30 асобін.

У летніх сховішчах (дуплы дрэў) з’яўляецца ў пачатку траўня. На паляванне вылятае пасля заходу сонца. Спачатку ляціць на вадапой да сажалкі або рэчкі. Корміцца лускакрылымі і цвердакрылымі, якіх ловіць на ўзлесках, над прагалкамі, у рэдкіх парках. Сярэдзіну ночы праводзіць у сховішчы і зноў вылятае на паляванне на світанку. У пачатку лета самкі, якія размнажаюцца, жывуць невялікімі калоніямі ў дуплах. У чэрвені прыносяць 1-2 дзіцянят. У канцы ліпеня — пачатку жніўня вывадкавыя калоніі распадаюцца, тэрыторыю Беларусі пакідаюць да канца жніўня. На зімоўцы знойдзены ў Цэнтральнай Еўропе, дзе зімуюць у дуплах старых дрэў і на вышках будынкаў.

Від уключаны ў Чырвоны спіс МСАП (LR/nt, ver. 2.3, 1994).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Гладканосыя лятучыя мышы
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта