wd wp Пошук:

Вялікі сплаўны павук

Вялікі сплаўны павук (Dolomedes plantarius) — павук сямейства пізаўрыдаў (Pisauridae).

Апісанне

Самцы вялікіх сплаўных павукоў маюць памер да 10-12 мм, самкі — да 20 мм. Яны маюць карычневы колер, уздоўж бакоў галавагрудзей шырокая жоўтая паласа. Брушка авальнае. Вочы размяшчаюцца ў два рады. Ногі доўгія і тоўстыя з вялікімі шыпамі. На лапках шчыльная шчоткі валаскоў.

Распаўсюджанне

Вялікіх сплаўных павукоў можна сустрэць у розных краінах Еўропы. На Беларусі іх можна ўбачыць у Бярэзінскім біясферным запаведніку і нацыянальным парку «Прыпяцкі» — вядомы толькі адзінкавыя выпадкі назірання. Асноўная прычына іх малалікасці — парушэнне натуральных месцаў жыхарства.

Спосаб жыцця

Жывуць недалёка ад вады: на пойменых лугах і нізінных балотах. Могуць хутка бегаць па вадзе, пагружацца ў яе. Каб пры гэтым цела не змочвалася, на ім маюцца адмысловыя гідрафобныя валаскі.

Пры «паляваннях» вялікія сплаўныя павукі могуць доўга быць нерухомымі. Пры гэтым яны заднія ногі размяшчаюць на расліннасці, а пярэднія — на паверхні вады.

Размнажаюцца вялікія сплаўныя павукі з двухгадовага ўзросту, прычым два разы на год. Кокан з яйкамі (у кокане іх каля 500—600) носіць на сабе самка. Перад з’яўленнем павучкоў яна робіць на пучках раслін на вышыні ад 10 см да аднаго метра ад вады сетку дыяметрам да 25 см. Маладыя павучкі гадуюцца ў ёй каля тыдня. Увесь гэты час маці застаецца побач з імі.

Ахова

Вялікі сплаўны павук занесены ў Чырвоныя кнігі Беларусі і Літвы.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Уразлівыя віды
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Павукі