wd wp Пошук:

Вяземскае княства

Вяземскае княства — феадальная дзяржава ў верхнім цячэнні Дняпра і Угры. Вылучылася са складу Смаленскага княства ў 1239 г. (паводле іншых меркаванняў, у 1219 г.), калі Вязьма была аддадзена ў валоданне князю Андрэю Уладзіміравічу Доўгай Руцэ, які стаў родапачынальнікам князёў Вяземскіх. У склад Вяземскага княства, магчыма, уваходзіў Дарагабуж (ёсць меркаванне, што, наадварот, Вязьма да свайго вылучэння належала Дарагабужскаму ўдзелу). У 1300 г. князь Андрэй Міхайлавіч Вяземскі дапамог дарагабужцам перамагчы смаленскага князя Аляксандра Глебавіча. Пазней вяземскія князі зноў трапілі ў залежнасць ад Смаленскага княства. Княствам сумесна кіравалі 2 дынастыі з прадстаўнікоў смаленскай галіны князёў і мясцовых вяземскіх уладароў. У пачатку XV ст. пачалася барацьба за Вяземскае княства паміж ВКЛ і Вялікім княствам Маскоўскім. У 1403 г. горад раптоўна захапіў мсціслаўскі князь Лугвен Альгердавіч. Пад уладай ВКЛ вяземскія князі захавалі свае ўладанні. Масква па-ранейшаму імкнулася распаўсюдзіць свой уплыў на Вязьму, але паходы 1406, 1408, 1445 гадоў былі безвыніковыя. Паводле дагавора 1449 г. рускія землі падзелены на сферы ўплыву ВКЛ і Вялікага княства Маскоўскага, Вязьма была прызнана за ВКЛ. Адразу пасля далучэння да ВКЛ Вяземскага і Смаленскага княстваў, усталявання ўлады вялікага князя ВКЛ над Вярхоўскімі княствамі была створана сістэма кіравання шэрагам перыферыйных княстваў і ўладанняў, на чале якой стаяў смаленскі намеснік. Вяземскія князі са сваімі баярамі і слугамі ўваходзілі ў склад смаленскага апалчэння, падпарадкоўваліся ў ваенных адносінах смаленскаму намесніку і сплачвалі штогадова асобы падатак — пасошчыну, якая паступала ў смаленскую скарбніцу. Вяземскае княства амаль стагоддзе вызначала ўсходнюю граніцу ВКЛ. Яго межы на захадзе дасягалі вярхоўяў Дняпра, на ўсходзе, відаць, заходзілі за р. Гжаць, на поўначы ўключалі ў свой склад горад Хлепень на р. Вазуза і амаль што даходзілі да Волгі. Паўднёвую граніцу Вяземскага княства ўтварала рака Угра. Землеўладальнікамі ў княстве былі не толькі прадстаўнікі мясцовых родаў, але і прышлыя. Шэрагам вяземскіх валасцей валодалі князі Глінскія (Тур’е, Судзілаў, Шацельшча). Пану Івану Хадкевічу належала хлепеньская воласць Рагачоў. 3 1487 г. Расійская дзяржава пачала ажыццяўляць арганізаваны ваенны націск на Вяземскае княства. Аднак на маскоўскі бок перайшоў толькі адзін князь Андрэй Юр’евіч — дробны вяземскі землеўладальнік. Іншыя вяземскія князі, на чале са старэйшым князем Міхаілам Дзмітрыевічам, засталіся верныя свайму гаспадару. Зімой 14921493 гг. маскоўскае войска (5 палкоў) на чале з Данілам Шчанём захапіла Вязьму. Шмат вяземскіх князёў трапіла ў палон і было адвезена ў Маскву, а потым, пасля прынесенай прысягі, размеркавана як памешчыкі ў далёкія рэгіёны. Тыя вяземскія князі, што ўратаваліся (Жылінскія, Казлоўскія, Крашынскія), атрымалі новыя ўладанні і пасады ў межах ВКЛ. 3 мая 1495 г. у Вязьме з’явіўся маскоўскі намеснік. Былое Вяземскае княства ў складзе Расійскай дзяржавы было пераўтворана ў край памеснага землеўладання.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Княствы Русі
Катэгорыя·Гістарычныя дзяржавы Еўропы
Катэгорыя·З’явіліся ў 1239 годзе
Катэгорыя·XIII стагоддзе ў Расіі
Катэгорыя·1239 год у Еўропе
Катэгорыя·Зніклі ў 1403 годзе