Выклі́чнік — часціна мовы, якая выражае розныя пачуцці, эмоцыі і валявыя пабуджэнні, але не называе іх.
Выклічнікі не маюць граматычных катэгорый, не падзяляюцца на марфемы, не з’яўляюцца членам сказа, граматычна не звязваюцца з членамі сказа.
Выклічнікі не адносяцца да самастойных часцін мовы, бо не маюць намінатыўнага (прадметнага) значэння і не з’яўляюцца службовымі часцінамі мовы, бо не выконваюць ніякіх службовых функцый, аналагічных функцыям прыназоўніка, злучніка, часціцы.
Выклічнікі з’яўляюцца выразным моўным сродкам, аднак значэнне многіх з іх выяўляецца толькі ў кантэксце, пры падтрымцы інтанацыі і слоў, якія падкрэсліваюць іх семантыку, дакладна называючы пачуцці, волевыяўленні.
Як адзначана ў ТСБМ, выклічнік а!, напрыклад:
- перадае прыпамінанне, пазнаванне, здагадку, здзіўленне. — Здароў, Каўтун! — А, Андрэй, вось не пазнаў, браце, цемень, бачыш. Лынькоў… 2. Перадае прыкрасць, абурэнне, пагрозу, зларадства. — А, пакінь ты, — замахала… [Аўдоля] рукамі на Шуру. Крапіва… 3. Перадае жах, адчай, боль і пад. — А-а, — закрычаў, душачыся слязьмі… [Валодзька], — вазьміце! Мележ… 4. Перадае ўзмацненне эмацыянальнай выразнасці выказвання. — А таварышок, а паночак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго [Сяргея], — загаласіла Рыпіна. Крапіва.
Выражаць самыя разнастайныя пачуцці могуць выклічнікі а!, ай!, ой!, ах!, ох!, о!, ого!, ну!, эй!, эх! і інш.
Некаторыя выклічнікі здольныя перадаваць толькі якое-небудзь адно значэнне. Напрыклад, выклічнік цыц выражае загад змоўкнуць, на табе — здзіўленне, расчараванне: «Цыц вы*, гультаі, хопіць скардзіцца!» — зноў азваўся старшы"* (М. Машара). «Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, … а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае» (Я. Купала).
У тэксце выклічнікі могуць выступаць як непадзельныя словы-сказы: Бывай! Дзень добры вам! Бывайце здаровы і шчаслівы! Вось табе і на!
Некаторыя выклічнікі служаць базай для ўтварэння новых слоў з дапамогай адпаведных афіксаў — дзеясловаў і назоўнікаў, што ўжываюцца звычайна ў размоўным стылі: ахаць, аханне, развойкацца, развохкацца, люляць, люлянне і інш.
Да вытворных таксама адносяцца і выклічнікі, запазычаныя з іншых моваў: біс! (з лац.), баста!, брава! (з італ.), алё! (з фр.), стоп! (з англ.), ура!, каюк!, айда!, каравул! (з цюркс.), марш! (з фр.), капут! (з ням.) і інш.
Набываючы ў сказе намінатыўнае значэнне, выклічнікі набліжаюцца да самастойных часцін мовы і выконваюць ролю розных членаў сказа: дзейніка, выказніка, дапаўнення, азначэння, акалічнасці: Ляцела ўпартае «алё» па правадах паштовых (М. Калачынскі). Там рыба — ого-го (Я. Маўр). У парканах шулы, як салдаты, стаяць у струнку, зухаваты, башлык высокі, шапкі новы, «ура!» гукнуць табе гатовы (Я. Колас). Чыстая вада, прытым у вялікай колькасці, нам ой-ой як патрэбна! (В. Вольскі).