wd wp Пошук:

Вендэнскае ваяводства

Вендэнскае ваяводства — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Рэчы Паспалітай у 1598 —— 1667 гг. Цэнтр — Вендэн.

Ахоплівала латышскую частку Інфлянтаў (Відземе) з Латгаліяй; уключала часткі былых тэрыторый Лівонскага ордэна і Рыжскага арцыбіскупства. Мяжой ваяводства на поўдні была р. Дзвіна, на паўночным захадзе — р. Гаўя (Аа). Ваяводства створана паводле «Інфлянцкай ардынацыі» 1589 г. Фактычна ў ваяводства быў перайменаваны Вендэнскі (або Інфлянцкі) прэзідыят, створаны паводле падпісанай 4 снежня 1582 г. Стэфанам Баторыем «Інфлянцкай канстытуцыі». Ён складаўся з 31 акругі, цэнтрамі якіх былі ранейшыя ордэнскія ці біскупскія замкі. За ўзор сістэмы кіравання прэзідыятамі былі ўзяты ваяводствы Каралеўскай Прусіі. Стварэнне прэзідыята, а потым і ваяводства, парывала са старажытным адміністрацыйным ладам Лівоніі, бо не ўлічвала ранейшы падзел на ордэнскія і біскупскія ўладанні. Перайменаванне ў 1598 г. азначала уніфікацыю статуса ваяводства з іншымі тэрыторыямі Рэчы Паспалітай (за выключэннем правоў рыцарства). Вендэнскія ваявода і кашталян атрымалі месцы ў Сенаце Рэчы Паспалітай. Урады (пасады) ваяводства павінны былі замяшчацца пароўну з прадстаўнікоў 3 «народаў» — Польшчы, ВКЛ і Інфлянтаў. Унутраны адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел ваяводства не быў прапісаны. У выніку рэвізій (у т.л. 1599 г., праведзенай Л. Сапегам) створаны стараствы, якія не былі ў поўным сэнсе адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, а выконвалі найперш гаспадарча-фіскальныя функцыі. У выніку вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600 — 1629 гг. большая частка ваяводства была страчана на карысць Швецыі. Паводле Альтмаркскага перамір’я 1629 г. у складзе Рэчы Паспалітай засталіся толькі 4 паўднёва-ўсходнія латгальскія старасты — Дынабургскае, Рэжыцкае, Люцынскае і Марыенгаўзенскае. Паводле Аліўскага міру 1660 г. Рэч Паспалітая канчаткова прызнала за Швецыяй заваяваную ёю частку Інфлянтаў. Рэшта ваяводства ўвайшла ў 1667 г. у склад новастворанага Інфлянцкага ваяводства.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вендэнскае ваяводства
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты