wd wp Пошук:

Бітва пры Альфамбры

Бітва пры Альфамбры (ісп.: Batalla de Alfambra) адбылася падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі з 5 па 8 лютага 1938 года ў басейне ракі Альфамбра, прыкладна ў 25 кіламетрах на поўнач ад горада Тэруэль.

Пасля захопу Тэруэля рэспубліканскай арміяй нацыяналісты пачалі контрнаступленне, каб адбіць яго. 5 лютага войскі Франсіска Франка прарвалі рэспубліканскія пазіцыі на поўнач ад Тэруэля ў напрамку ракі Альфамбра і разбілі аслабленыя дывізіі праціўніка.

Планы і сілы бакоў

Пасля захопу Тэруэля рэспубліканскай арміяй нацыяналісты 17 студзеня пачалі контрнаступленне з поўначы, каб захапіць узвышшы вакол горада. Але рэспубліканскім войскам арміі Леванта на чале з Эрнандэсам Сарабія пры падтрымцы інтэрнацыянальных брыгад да 27 студзеня ўдалося спыніць мяцежнікаў.

Франкісцкае камандаванне распрацавала новы план наступлення, каб зламаць рэспубліканскі супраціў і канчаткова акружыць горад Тэруэль з поўначы. Нацыяналісты засяродзілі сілы ў 100 000 чалавек і 500 гармат на чале з генералам Хуанам Вігонам. Кантынгент складаўся з трох іспанскіх карпусоў, італьянскага корпуса і кавалерыйскай дывізіі Хасэ Манастэрыа. З паветра наступленне падтрымлівалася легіёнам «Кондар» (70 самалётаў) і іспанскімі ВПС (40 самалётаў). Рэспубліканская абарона на гэтым участку фронту была слабой, паколькі большая частка войскаў была сканцэнтравана ў Тэруэле і ваколіцах. Рэспубліканская армія мела тут 13-ы армейскі корпус Карласа Рамэра Хіменэса з пяці дывізій, аслабленых папярэднімі баямі. Войскі мелі ў сваім распараджэнні вельмі мала артылерыйскіх гармат і ўдвая менш людзей, чым у праціўніка.

Ход баявых дзеянняў

5 лютага 5-я дывізія нацыяналістаў, пасля масіраванага артабстрэлу і налётаў авіяцыі, прарывае глыбокі калідор больш за 15 кіламетраў і прасоўваецца ў напрамку Архентэ. На поўначы даліны Альфамбры армейскі корпус генерала Хуана Ягуэ заняў горад Панкруда, а затым горад Рыльё. На паўднёвым флангу корпус Антоніа Аранды прарваў першыя рэспубліканскія абарончыя рубяжы і рушыў на паўночны ўсход.

На наступны дзень, нягледзячы на густы туман, кавалерыйскі полк з дывізіі Манастэрыа скарыстаўся разрывам і атакаваў Агуатон. Дзякуючы гэтаму быў адкрыты шырокі калідор для дзеянняў астатняй часткі кавалерыйскай дывізіі. Дзве брыгады коннікаў, пабудаваўшыся ў дзве шарэнгі (усяго каля 2000 шабляў), лавінай абрынуліся на пазіцыі рэспубліканцаў. За імі, у рэзерве, рухалася трэцяя брыгада з італьянскімі танкеткамі CV 3/35. У выніку дывізія рэспубліканцаў была разгромлена, нацыяналісты захапілі ўсю артылерыю, кулямёты і нават палявыя кухні. Затым кавалерыйская дывізія была падзелена, і ў той час як адны войскі рушылі на поўнач, займаючы Лідон, іншыя рушылі на поўдзень і занялі Каманьяс. Яшчэ адна брыгада рушыла ў напрамку Пералес-дэль-Альфамбра, пераследуючы дэзарганізаваныя рэспубліканскія войскі. Апоўдні кавалерыйская дывізія дасягнула правага берага ракі Альфамбра.

7 лютага, на трэці дзень наступлення, усе войскі нацыяналістаў выйшлі да ракі Альфамбра. Дзве рэспубліканскія дывізіі 13-га корпуса былі разбіты. На наступны дзень, 8 лютага, дывізіі Аранды, якія наступалі з поўдня, сышліся ў Пералес-дэль-Альфамбра з дывізіямі Ягуэ, якія наступалі з поўначы.

Рэспубліканскае камандаванне паспрабавала перахапіць ініцыятыву і, разумеючы, што не можа спыніць нацыяналістаў, вырашыла контратакаваць флангавым ударам у раёне Вівель-дэль-Рыа, паспрабаваўшы прасунуцца ў бок даліны ракі Хілока і перакрыць камунікацыі войскаў праціўніка. Чатыры брыгады, у тым ліку дзве інтэрнацыянальныя, павінны былі правесці атаку. 14 лютага рэспубліканцы контратакавалі ў раёне Вівеля, але не змаглі прарваць абарону, бо ў небе над полем бітвы панавала нямецкая і іспанская авіяцыя. Не дасягнуўшы поспеху, контрудар усё ж спыніў прасоўванне праціўніка ўздоўж ракі Альфамбра, паколькі франкістам прыйшлося затрымаць некаторыя войскі.

Вынікі

Рэспубліканцы страцілі больш за 1000 квадратных кіламетраў тэрыторыі, 7000 чалавек былі ўзяты ў палон, 15000 забіты і паранены. Страты толькі 13-га Рэспубліканскага армейскага корпуса пры адступленні з Сьера-Паламеры склалі 3000 чалавек, 3600 вінтовак, 60 кулямётаў і пяць 105-мм гармат.

Катастрофа ў Альфамбры падрыхтавала глебу для наступнага падзення Тэруэля. Да 17 лютага нацыяналісты акружылі горад і пачалі новае наступленне. 22-га бітва за Тэруэль скончылася адступленнем рэспубліканскай арміі.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Бітвы ў Іспаніі
Катэгорыя·Канфлікты 1938 года
Катэгорыя·Люты 1938 года
Катэгорыя·Бітвы і аперацыі грамадзянскай вайны ў Іспаніі
Катэгорыя·1938 год у Іспаніі