wd wp Пошук:

Буда-Кашалёўскі строй

Буда-Кашалёўскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім раёнах. Для яго характэрны разнастайнасць прыёмаў вышыўкі і стрыманасць каларыту.

Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі, завязаны ззаду. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі».

Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі, крыжыкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі: тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі (калошкай) ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыстатканы з вялікай гронкай кутасоў пояс.

Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульна-нацыянальных відаў і форм не маюць. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівы ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнай распрацоўкай рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі і аблямоўкай, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна чорнай ці белай ніткай у дробныя гафрыраваныя складачкі), якім утвараюцца рэльефныя ўзорыстыя паскі на версе і нізе рукавоў кашулі.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Культура Рэчыцкага раёна
Катэгорыя·Беларускі касцюм
Катэгорыя·Гісторыя Рэчыцкага раёна
Катэгорыя·Этнаграфія Беларусі
Катэгорыя·Падняпроўе
Катэгорыя·Гісторыя Буда-Кашалёўскага раёна
Катэгорыя·Культура Гомельскага раёна
Катэгорыя·Адзенне
Катэгорыя·Гісторыя Гомельскага раёна
Катэгорыя·Культура Буда-Кашалёўскага раёна