wd wp Пошук:

Бледная паганка

Бледная паганка, Мухамор зялёны, Белы мухамор, Паганка[1] (Amanita phalloides) — ядавіты шапкавы базідыяльны грыб сямейства мухаморавых.

Апісанне

Шапка дыяметрам 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй частцы, каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі.

Пашырэнне

Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўночнай Амерыцы і Паўночнай Афрыцы. На Беларусі трапляецца пераважна ў заходніх і паўднёвых раёнах, расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.

Небяспека для чалавека

Смяротна ядавіты грыб. Мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, a- і p-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў. Бледная паганка падобная да шампіньёнаў, сыраежак, паплаўкоў ці зялёнак. Трэба памятаць, што ў шампіньёнаў пласцінкі з узростам хутка афарбоўваюцца; у сыраежак не бывае ні вольвы, ні кальца, да таго ж яны адрозніваюцца характэрнай ломкасцю мякаці; паплаўкі адрозніваюцца меншымі памерамі, больш тонкай мякаццю (край капялюшыка ў іх звычайна з выяўленымі радыяльнымі баразёнкамі) і не маюць кольцы; у зялёнкі зеленаватыя пласцінкі, няма кальца і вольвы.

Зноскі

  1. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мухамор
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без ITIS
Катэгорыя·Грыбы паводле алфавіта
Катэгорыя·Ядавітыя грыбы