«Белка і Стрэлка. Зорныя сабакі» — першы расійскі поўнаметражны камп’ютарны анімацыйны фільм з магчымасцю прагляду ў фармаце 3D. Рэжысёры: Святаслаў Ушакоў і Іна Еўланнікава[1][2]. Прэм’ера на кінаэкранах Расіі адбылася 18 сакавіка 2010 года. Фільм заснаваны на рэальных падзеях і прымеркаваны да 50-годдзя палёта беспародных сабак Белкі і Стрэлкі на савецкім касмічным караблі «Спутнік-5»[3].
Фільм зняты пры падтрымцы Міністэрствы культуры Расійскай Федэрацыі і Федэральнага касмічнага агенцтва «Раскосмас». Праект — стварэнне камп’ютарнага мультфільма, сюжэт якога цесна звязаны з рэальнымі гістарычнымі падзеямі, рэалізаваны ў Расіі ўпершыню[4]. Вытворчасць карціны ажыццявілі кінастудыя «Цэнтр нацыянальнага фільма» сумесна з ТАА «ЦНФ-Аніма»[5] (у цяперашні час перайменаваная ў «КіноАціс»[6]). Мультфільм разлічаны на дзіцячую аўдыторыю і мае некаторыя неадпаведнасці з гістарычнымі дадзенымі[7]. Узроставых абмежаванняў няма[8].
Унікальнасць мультфільма для расійскай анімацыйнай індустрыі ў тым, што ён выйшаў у пракат у асобных краінах за межамі Расіі і СНД. Быў паказаны больш чым у 160 краінах свету і пераведзены на 45 моў[9][10]. У асноўным атрымаў станоўчыя водгукі ў аўдыторыі гледачоў усіх вякоў[11][12][13] і большасці айчынных кінакрытыкаў.