wd wp Пошук:

Беларускі гай

«Белару́скі гай» — беларуская культурна-асветная арганізацыя ў Адэсе ў снежні 1917 — лютым 1920 года.

Аб’ядноўвала беларускую інтэлігенцыю (вясной 1918 было больш за 500 членаў). Мэта: клопат пра бежанцаў Першай сусветнай вайны і беларускае насельніцтва ў Адэсе. Мела статут, раду, была разбіта на секцыі, якія дзейнічалі аўтаномна. Стаяла на палітычнай платформе партыі беларускіх эсэраў, прапагандавала яе ідэі сярод бежанцаў у Адэсе і салдатаў-беларусаў.

Выступала за нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне беларускага народа. Выдавала газету «Белоруссы в Одессе». На штотыднёвых сходах чыталіся лекцыі, творы беларускай літаратуры. Такія ж таварыствы створаны і ў іншых гарадах Адэскай акругі, дзе ў той час было больш за 100 тысяч беларусаў. З снежня 1917 года ў Адэсе дзейнічала Беларуская вайсковая рада, якая аб’ядноўвала воінаў-беларусаў Румынскага фронту. 28.1.1918 «Беларускі гай» прыняў рэзалюцыю ў падтрымку рэвалюцыі, за ўтварэнне краёвага ўрада Беларусі і яе федэратыўны саюз з Расіяй, 3.3.1918 — рэзалюцыю-пратэст супраць разгону 17.12.1917 кіраўніцтвам Заходняй вобласці і фронту Усебеларускага з’езда ў Мінску, 7.4.1918 — рэзалюцыю супраць умоў Брэсцкага мірнага дагавора. У сакавіку 1918 года арганізацыя кантактавала з Беларускім нацыянальным камісарыятам у Маскве.

19.3.1918 на аб’яднаным пасяджэнні рады «Беларускага гаю» і Беларускай вайсковай рады створана Беларуская нацыянальная рада для абароны інтарэсаў беларусаў у Адэсе і яе ваколіцах. Рада абрала Беларускі нацыянальны камісарыят, у які ўвайшлі Я. Трафімаў (старшыня да ліпеня 1918), С. Некрашэвіч (старшыня з ліпеня 1918, адначасова з жніўня 1918 консул БНР у Адэсе), А. Баліцкі (памочнік камісара і ўпаўнаважаны па нацыянальна-палітычных справах), Г. Козел (упаўнаважаны па ваенных справах), П. Гудзень (упаўнаважаны па эвакуацыі бежанцаў-беларусаў), П. Ільючонак (упаўнаважаны па аб’яднанню славянства), С. Янушкевіч (скарбнік), сакратары Алесь Ляжневіч, Іосіф Мацюкевіч, П. Пячонкін.

З устанаўленнем савецкай улады ў Адэсе А. Адамовіч, А. Баліцкі, П. Ільючонак, С. Некрашэвіч і іншыя вярнуліся ў Савецкую Беларусь. У 1930-я гады яны былі рэпрэсіраваны і абвінавачваліся ва ўдзеле ў «контррэвалюцыйных нацыяналістычных арганізацыях „Беларускі гай“ і „Беларускі нацыянальны камісарыят“ і інш.».

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·З’явіліся ў 1917 годзе
Катэгорыя·1917 год у Адэсе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Арганізацыі беларусаў Украіны