wd wp Пошук:

Белаполь

Белаполь — у беларускай міфалогіі першанасельнік тэрыторыі сучаснай Беларусі, другі князь беларусаў і родапачынальнік тутэйшага насельніцтва.

Змест легенды

Пасля стварэння зямлі Пяруном на ёй пасяліўся першы чалавек — Бай (Буй). Меў ён шмат жонак і яшчэ больш дзяцей і княжыў над усімі першымі людзьмі. Калі надыйшоў час паміраць, Бай раздзяліў усю зямлю паміж дзецьмі. Толькі адзін сын — Белаполь — у той час быў на паляванні, і яму з бацькавай спадчыны дасталіся толькі два сабакі — Стаўры і Гаўры — і наказ пусціць іх па волі: колькі зямля яны за дзень абянуць, столькі і дастанецца Белаполю. Злавіў Белаполь дзвюх птушак: адну з паўднёвага мора, другую — з заходняга, пусціў іх і нацкаваў сабак: «Бяры!», «Хапай». Птушкі паляцелі кожная ў свой бок, а за імі пабеглі сабакі. І па слядах тых сабак пацяклі дзве найбуйнейшыя ракі Беларусі — Дзвіна і Дняпро. Белаполь пасяліўся ў гэтых месцах, і ад яго пайшоў мясцовы народ. А Стаўры і Гаўры досей ушаноўваюцца ў народнай абраднасці на свята перад Сёмухай. Завецца гэты дзень Стаўроўскія Дзяды. Паводле падання, абодва сабакі былі пахаваныя ля цяперашняга Краснопаля Расонскага раёна, ля ракі Дрысы. Людзі яшчэ доўга прыходзілі да іх могілак у адпаведнае свята і гаварылі: «Стаўры, Гаўры, гам, ідзіце к нам». Яшчэ ў ХІХ ст. былі зафіксаваныя рэшткі гэтага абраду.

Аналіз

Легенда ўваходзіць у группу архаічных індаеўрапейскіх паданняў, дзе першанасельнік зямлі размяркоўваў спадчыну паміж сваімі сынамі, ад якіх пазней пайшлі розныя народы (размеркаванне спадчыны Таргітаем у скіфскай легендзе). Вобраз двух сабак сустракаецца ў касмалагічных паданнях. У казцы «Знайда Дуброўскі» два сабакі вартуюць Царства Божае. Спадарожнікамі Кашчэя — фалькларызаванага кіраўніка свету мёртвых — таксама выступаюць сабакі. Паляўнічы сабака — таксама спадарожніка Цуда-Юда, якога Удовін Сын у аднаіменнай казцы сустракае на Калінавым масту (Калінаў мост — адна з алегорый пераходу паміж светам жывых і светам памерлых). У шэрагу іншых міфалогій сабакі таксама паўстаюць вартаўнікамі замагільнага царства (Цэрбер, які вартуе Аід, чатырохвокія сабакі бога Ямы і г.д). Магчыма, што Стаўры і Гаўры ў язычніцкай традыцыі таксама былі істотамі на мяжы двух сусветаў — жывога і мёртвага.

Зноскі

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Міфалогія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Беларуская міфалогія