wd wp Пошук:

Бабруйскі замак

Бабруйскі замак — комплекс драўляных абарончых і адміністрацыйных збудаванняў сярэднявечнага Бабруйска.

Існаваў у 14—18 стст. у Бабруйску на правым беразе р. Бярэзіны. З боку ракі быў ахаваны высокім стромкім схілам і 2 драўляна-землянымі збудаваннямі бастыённага тыпу, з іншых бакоў — ровам шырынёй да 15 м, земляным валам з трыма рэдутамі, на якім былі дубовыя сцены з трыма вежамі. Да ўмацаванай уязной брамы (падвойныя вароты, сістэма жалезных запораў) быў перакінуты драўляны мост. На тэрыторыі замка размяшчаліся двухпавярховы жылы дом і гаспадарчыя пабудовы на падклетах. Паводле інвентара 1638 года, замак займаў плошчу 13,5 моргаў (9,6 га).

За час існавання замак перажыў шмат аблог і разбурэнняў. У 1502 і 1503 гадах яго спусташалі крымскія татары, у 1506 неаднаразова абложваў мяцежны князь М. Глінскі, у студзені 1649 года замак згарэў пад час аблогі войскамі гетмана Я. Радзівіла, у сакавіку 1655 года замак спалілі казакі гетмана І. Залатарэнкі, у 1665 годзе замак згарэў пад час чарговай казацкай аблогі.

Насельніцтва горада аднаўляла замак. Інвентар 1692 сведчыць пра паступовы заняпад і разбурэнне ўмацаванняў замка, у выніку перабудовы 1692 года замак цалкам страціў абарончыя функцыі. На плане г. Бабруйска 1794 сляды замка яшчэ выразна захаваліся.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Замкі Беларусі
Замкі Вялікага Княства Літоўскага
Гісторыя Бабруйска
Славутасці Бабруйска