wd wp Пошук:

Аніхафоры

Аніхафоры (Onychophora) — тып наземных беспазваночных жывёл.

Апісанне

Цела двухбаковысіметрычнае, сегментаванае, даўжынёй да 15 см, пакрыта тонкай эластычнай кутыкулай. Знешне нагадваюць вусеняў. На галаве размешчаны дзве доўгія антэны, пара простых вачэй, два ротавых вырасты, на вяршыні якіх адкрываюцца пратокі залоз, што выдзяляюць клейкі сакрэт, які хутка застывае на паветры. Ротавая поласць з двума хіцінавымі сківіцамі. Па ўсёй даўжыні цела размешчаны 13-43 пары кароткіх нераздзеленых ножак, якія нясуць па два кіпцюрыкі.

Сценка цела — скурна-мускульны мяшок, поласць сфарміравана з цэлома і рэшткаў першаснай паражніны цела (як у членістаногіх). Органы дыхання — пучкі трахейных трубачак (да 70 у адным сегменце). Сэрца ў выглядзе трубкі з адтулінай на спінным баку, крывяносная сістэма незамкнёная. Органы выдзялення — цэламадукты, пара ў кожным сегменце. Цэнтральная нервовая сістэма прадстаўлена парным надглоточным гангліем і двума брушнымі тулаўнымі стваламі, злучанымі шматлікімі папярочнымі перамычкамі.

Пашырэнне

Адзіны клас (Першаснатрахейныя, Protracheata) падзяляецца на 2 сямействы, каля 110 відаў.

Выкапнёвыя рэшткі вядомыя з адкладаў кембрыйскага перыяду. Выкапнёвыя віды жылі ў морах, сучасныя віды жывуць у подсцілцы вільготных трапічных і субтрапічных лясоў, больш шматлікія ў Паўднёвым паўшар’і.

Асаблівасці біялогіі

Жывуць у вільготных мясцінах, у лясным подсціле. Актыўныя ў прыцемках і ноччу. Драпежнікі, палююць на казурак, выкарыстоўваючы ў якасці пасткі струменьчыкі сакрэту, які выстрэльваецца з ротавых вырастаў.

Раздзельнаполыя. Пераважна жывародныя.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Тыпы жывёл
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Аніхафоры
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных