У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Антыгона (значэнні). Антыго́на (стар.-грэч.: Ἀντιγόνη) — персанаж старажытнагрэчаскай міфалогіі[1], старэйшая дачка фіванскага цара Эдыпа і Іакасты[2], была сястрой Этэокла, Палініка і Ісмены.
Антыгона суправаджала бацьку ў яго добраахвотным выгнанні ў Калон, горад Атыкі[3], а пасля яго смерці вярнулася ў Фівы. Нявеста Гемана [4].
Тут яна пахавала цела Палініка, які загінуў у паходзе сямі супраць Фіваў, і застаўся не пахаваным з прычыны забароны[5] Крэонта, новага ўладара Фіваў. Антыгона тайна пахавала цела Палініка (або кінула яго ў той жа касцёр, дзе спальвалі цела яго брата). Паводле іншай версіі, яна прысыпала яго пяском і здзейсніла ўзліванні[6]. Паводле аднаго апавядання, Антыгона дзейнічала не ў адзіночку, а разам з Аргіяй, удавой Палініка. Месца, дзе яна цягнула цела Палініка да кастра Этэокла, звалася Волак Антыгоны[7].
За гэта парушэнне яго забароны Крэонт асудзіў Антыгону на пахаванне жывой[8], яна павесілася[9]. Прысуд гэты прывёў у роспач жаніха яе, Гемана, сына Крэонта, і ён забіў сябе.
Антыгона ўяўляе сабой ідэал кахання да бацькоў і высакароднай самаадданасці пры выкананні свайго абавязку ў адносінах да брата, самаадданасці, якая і прывяла яе да трагічнай смерці. Гэткай яна і з’яўляецца ў дзвюх трагедыях Сафокла: «Эдып у Калоне» і «Антыгона», якія абессмяроцілі яе імя і неаднаразова перакладаліся на мноства моў (пераклады Гёльдэрліна — 1804). Гераіня трагедыі Эсхіла «Сямёра супраць Фіваў», трагедый Еўрыпіда «Фінікіянкі» і «Антыгона», Астыдаманта Малодшага і Акцыя «Антыгона», Сенекі «Фінікіянкі».
У гонар Антыгоны быў названы буйны астэроід (129) Антыгона з групы галоўнага пояса, адкрыты ў 1873 годзе.