Андрэй Катлярчук (нар. 1968, Новачаркаск, РСФСР) — гісторык, кандыдат гістарычных навук (1999), доктар гісторыі (PhD, 2006).
Нарадзіўся ў сям’і ваеннага і настаўніцы, ураджэнцаў Турава. З бацькамі жыў у Чачні, на Палессі ў Беларусі. Скончыў гістарычны факультэт Бранскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1990), аспірантуру Расійскай акадэміі навук пры МАЭ РАН (Кунсткамера). Кандыдат гістарычных навук (1999). Праходзіў стажыроўку ва ўніверсітэце Упсалы (Швецыя). З 2000 жыве і працуе ў Швецыі. Абараніў доктарскую дысертацыю ў Стакгольмскім універсітэце (2006). Працаваў выкладчыкам інстытута гісторыі, гендарных даследаванняў і культуралогіі ўніверсітэта Паўднёвага Стакгольма — Сёдэрторна (Sodertorn University). Цяпер з’яўляецца выкладчыкам кафедры гісторыі Стакгольмскага ўніверсітета[4] і старшым навуковым супрацоўнікам Школы гістарычных і сучасных даследаванняў ўніверсітэта Паўднёвага Стакгольма[5].
Кірункі навуковай дзейнасці — беларуска-расійскія, шведскія, венгерскія, украінскія сувязі, старабеларуская царкоўная гісторыя і літаратура.
Аўтар кніг «Праздничная культура в городах России и Белоруссии ХVII века» (СПб, 1999), «Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў» (Мінск, 2002, 2007; пад апекай Шведскага інстытута), «In the shadows of Poland and Russia: the Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European crisis of the mid-17th century» (Содэртарн, 2006), «Making The Baltic Union — The 1655 Federation Of Kedainiai Between Sweden And The Grand Duchy Of Lithuania» (2008) і шматлікіх артыкулаў на беларускай, англійскай, рускай, шведскай, украінскай і інш. мовах, у т.л. «Францішак Скарына і кола харвацкіх гуманістаў» (Кантакты і дыялогі, 2000, № 4), «Родная мова ў гісторыі царквы» (Przegląd Prawoslawny, 2000, № 12), «Король Стефан Баторий в народной культуре белорусов» (Studia Russika, T. XVIII: Budapest, 2000).