У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Глаз. Анатоль Анатолевіч[1][2] Глаз (нар. 31 ліпеня 1982 г.) — дыпламат МЗС Рэспублікі Беларусь.
Сын Анатоля Ціханавіча Глаза, былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена рэспубліканскага савета ГА «Белая Русь», у савецкія часы — старшыні Бабруйскага райвыканкама і першага сакратара Бялыніцкага райкама Кампартыі БССР[3].
Працаваў на дыпламатычнай службе як мінімум з 2005 г. у аддзеле Усходняй Еўропы галоўнага ўпраўлення Еўропы МЗС Беларусі[4].
З 2007 па 2009 год служыў другім і першым сакратаром пасольства Беларусі ў Італіі[4].
З 2009 па 2014 год працаваў у Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку на пасадзе намесніка начальніка ўпраўлення знешняй палітыкі[4].
З 2014 па 2018 год служыў старшым дарадцам пасольства Беларусі ў Італіі, дзе займаўся пытаннямі двухбаковага палітычнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння са СМІ, развіцця дагаворна-прававой базы і іншых сфер[4].
У 2018 г. вярнуўся на працу з МЗС, займаў пасаду старшага дарадцы міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі, а 11 чэрвеня 2018 г. прызначаны начальнікам упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі (прэс-сакратаром) МЗС Беларусі[4].
На пасадзе прэс-сакратара МЗС агучваў афіцыйную пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку падчас разгону сілавікамі пратэстаў у 2020—2021 гг.
Крытыкаваў абмеркаванне міжнароднай супольнасцю пытанняў дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі[5], у тым ліку з удзелам праціўнікаў А. Лукашэнкі[6][7].
Асуджаў міжнародныя санкцыі супраць Лукашэнкі[8][9][10], працяг мандату спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі[11]
Абвяшчаў пра ўвядзенне санкцый супраць замежных службовых асоб і зніжэнне ўзроўню кантактаў з замежнымі дыпламатамі ў адказ на дзеянні міжнароднай супольнасці ў дачыненні да Беларусі пасля падзей 2020 г.[12]
У 2018 годзе агучваў заведама завышаныя звесткі аб колькасці ўцекачоў з Украіны ў Беларусі пасля ўкраінскай вайны[13].
Пасля жорсткага падаўлення пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе, італьянскі бок не хацеў прымаць даверчую грамату Анатоля Глаза, як новага пасла Беларусі ў Італіі[14].
2 снежня 2021 года Анатоль Глаз быў даданы ў чорны спіс Еўрасаюза[15]. 20 снежня Глаза ў свой санкцыйны спіс уключыла Швейцарыя[16]. 22 снежня да адпаведнага пакета санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Сербія, Чарнагорыя[17][18].