wd wp Пошук:

Амішы

Амішская сям'я

Амішы, таксама аманіты — рэлігійны рух, які зарадзіўся як самы кансерватыўны кірунак у менаніцтве (разнавіднасць анабаптызма) і затым зрабіўся асобнай пратэстанцкай рэлігійнай дэнамінацыяй. Амішы адрозніваюцца прастатой жыцця і адзення, нежаданнем прымаць некаторыя сучасныя тэхналогіі і выгоды. Рух паслядоўнікаў Якаба Амана ўзнік у 1693 годзе ў Еўропе, але потым большасць амішаў былі вымушаныя, ратуючыся ад пераследу, эміграваць у Амерыку, а тыя, што засталіся ў Еўропе паступова зноў аб’ядналіся з менанітамі. У цяперашні час большасць амішаў пражывае ў ЗША і Канадзе.

Веравучэнне амішаў заснавана на літаральным і строгім тлумачэнні Бібліі. Як і іншыя анабаптысты, яны дапускаюць хрышчэнне толькі ў свядомым узросце, а не ў маленстве, выступаюць за ненасілле і супраць любой ваеннай службы. Большасць абшчын амішаў не будуюць культавыя збудаванні і праводзяць набажэнствы ў звычайным доме; не займаюцца місіянерствам і рэдка прымаюць да сябе новых членаў.

На працягу многіх пакаленняў амішы бяруць шлюб толькі з аднаверцамі (часам з менанітамі), з-за чаго ўтвараюць генетычна закрытую чалавечую папуляцыю, нетыповую для сучаснага свету. З прычыны блізкароднасных шлюбаў унутры адносна малой першапачатковай групы насельніцтва ў многіх грамадах амішаў усё часцей выяўляюцца спадчынныя прыкметы, а часам і спадчынныя захворванні. Сем’і амішаў былі і, у асноўным, застаюцца шматдзетнымі і прыхільнымі да традыцыйнага сельскага ладу жыцця. Высокая нараджальнасць і пры гэтым нізкая дзіцячая смяротнасць робяць амішаў папуляцыяй, якая вельмі хутка расце.

Рэлігійныя групы амішаў імкнуцца да пэўнай ізаляцыі ад неамішскага грамадства. Вельмі вялікае значэнне надаецца ўнутрыцаркоўным і сямейным адносінам. Амішы звычайна ствараюць уласныя аднапакаёвыя школы і заканчваюць фармальную адукацыю ў восьмым класе. Цэняць ручную працу, сціпласць і стрыманасць. У цяжкіх сітуацыях аддаюць перавагу спадзявацца на дапамогу сям’і і грамады, а не дзяржавы або страхавых кампаній.

Колькасць амішаў складае больш за 200 000 чалавек, па этнічным паходжанні гэта ў асноўным эльзасцы - нашчадкі прыкладна 200 заснавальнікаў, якія эмігравалі з Еўропы ў ЗША ў XVII - пачатку XVIII стагоддзя.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Імігравалі ў ЗША з Германіі
Катэгорыя·Амішы
Катэгорыя·Пацыфізм