wd wp Пошук:

Амерыканскі футбол

Амерыканскі футбол — камандная гульня, мэтай якой з’яўляецца набыццё камандай большай колькасці ачкоў, чым праціўнік, за акрэслены час.

Мяч

Гуляюць надзіманым мячом з скуранай паверхняй натуральнага скуранага колеру, яйкавіднай формы, даўжыні восяў ~28—29 × ~17 см, вага 420—450 г (14 — 15 унцый).

Поле

Гульня адбываецца на гульнёвым полі, якое мае памеры 91,44 × 48,76 м (100 × 53 1/3 ярдаў). Папярочныя лініі ў процілеглых канцах гульнёвага поля называюцца лініямі голу (мэты). Да іх прылягаюць дзве адпаведныя канцавыя зоны аднолькавай з гульнёвым полем шырыні, па 9,144 м (10 ярдаў) даўжыні кожная. Канцавыя зоны канчаюцца канцавымі лініямі. На канцавых лініях змешчаны брамы (goalpost), кожная з якіх абавязкова складаецца з двух слупоў і папярочкі. Шырыня брамы — 5,64 м (18 ½ фт), вышыня слупоў — не менш за 9,144 м (30 фт), вышыня накладання папярочкі — 3,048 м (10 фт). 100 ярдаў даўжыні гульнёвага поля падзелены папярочнымі лініямі праз кожныя 4,57 м (5 ярдаў), а праз кожныя 10 ярдаў дадаткова нанесены лічбы, якія азначаюць, колькі ярдаў засталося да процілеглай лініі голу.

Час

Гульня вядзецца на працягу 4 чвэрцяў па 15 мін. чыстага часу.[1] Пасля першых дзвюх чвэрцяў адбываецца перапынак у 12 мін. (halftime) і паў-пачатак (semi-restart) гульні (каманды прымусова мяняюцца «сваімі» паловамі поля і ролямі нападніка-абаронцы).

У выпадку нічыёй (роўнай колькасці набраных ачкоў, tie) абвяшчаецца дадатковы час (over-time, «sudden death») — 3 мін. адпачынку і 15 мін. гульні да першага ачка, узятага адной з каманд. Калі на працягу дадатковага часу аніводная з каманд не ўзяла ачкоў, дадатковы час паўтараецца.

Спробы каманд прасунуць (advance) мяч называюцца плэямі (plays), на тое, каб пачаць кожны з плэяў, даецца, у залежнасці ад версіі правіл і ходу гульні, 25 — 40 сек. (play clock).

Склады каманд

Кожная каманда выстаўляе на поле не больш за 11 гульцоў. Правілы дазваляюць камандзе гуляць і з меншай колькасцю гульцоў, але з выкананнем пэўных умоў. Гульцы могуць быць заменены паміж гульнявымі момантамі; агульная колькасць гульцоў, якую можна выставіць на матч, залежыць ад версіі правіл, напрыклад, 45 гульцоў паводле правіл NFL.

Гульцы мусяць карыстацца засцерагальнай формай, у склад якой уваходзяць: накаленнікі, наплечнікі, шлем з маскай і загубнік.

Гульнёю кіруюць 4 — 7 суддзяў.

Ролі каманд

Каманды ў ходзе гульні могуць выконваць ролі нападнікаў і абаронцаў. Ролі могуць мяняцца пасля супыну і перад узнаўленнем гульні, у залежнасці ад ходу мяча перад супынам гульні.

Супын гульні (stoppage) адбываецца тады, калі гулец з мячом падае, або не можа прасоўвацца наперад, або затрыманы і не можа рухацца, або мяч ці ногі гульца з мячом дакрануліся да зямлі за лініяй поля, або пас перапынены, або суддзя абвясціў фол, або адна з каманд атрымала ачкі, або не ўдалася спроба голу з поля. Мяч пры ўзнаўленні гульні знаходзіцца тамсама, што і пры супыне.

Спробы

Каманда-нападнік мае чатыры спробы (down), каб прасунуць мяч наперад так далёка, каб дамагчыся або ачкоў, або права на новыя чатыры спробы. Галоўная задача каманды-нападніка ў кожнай спробе — ачкі. Калі гэта не ўдаецца, то каманда-нападнік мусіць прасунуць мяч наперад не менш за 9,144 м (10 ярдаў) — «first down». Калі гэта не ўдаецца, каманды мяняюцца ролямі.

Таксама каманды мяняюцца ролямі, калі адбываецца перахоп або выкарыстаная камандай-абаронцам памылка.

Тактыка

Тактыка нападнікаў

Дзеля прасоўвання мяча гульцы могуць перакідаць мяч адзін аднаму рукамі (пасаваць) або несці мяч у руках. Дазваляецца ўдар па мячы нагой.

Гульцы-нападнікі, якія не валодаюць мячом, могуць блакаваць гульцоў-абаронцаў — з дапамогай рук і цела змяшчацца між сваім гульцом з мячом і гульцамі-абаронцамі, абараняючы свайго гульца з мячом. Не дазваляецца ахопліваць праціўніка рукамі ці нагамі, або дакранацца да праціўніка ніжэй за пояс[2].

Варыянтамі блакавання з’яўляюцца расштурхванне груп абаронцаў, каб зрабіць сцежку для свайго гульца з мячом (run blocking) і абарона месца прыймання пасу сваім гульцом (pass blocking).

Гульцу, які валодае мячом, дазваляецца адштурхваць праціўніка свабоднай рукой (stiff arming, straight arming).

Тактыка абаронцаў

Адзін з асноўных тактычных прыёмаў абаронцаў — завал гульца з мячом (tackle), які звычайна ажыццяўляецца гульцом абаронцаў праз ахоп рукамі ног гульца з мячом.[3] Завал гульца без мяча не дазваляецца. Абаронцы могуць таксама спрабаваць перахопліваць пас (interception). Але дотык да нападніка, які не валодае мячом, не дазваляецца.[2]

Пазіцыі гульцоў на полі

Амерыканскі футбол — унікальная гульня, бо вымушвае фактычнае існаванне ў камандзе розных пад-каманд, прызначаных дзеля гульні каманды ў розных ролях.

Каманда нападнікаў

Каманда абаронцаў

Адмыслоўцы

Ачкі

Звычайна, ачкі можа атрымаць толькі каманда ў ролі нападніка.

Зноскі

  1. З-за спыненняў гульня можа працягвацца і 3 гадзіны сапраўднага часу.
  2. 1 2 З выняткам пэўных, спецыфічных сітуацый гульні.
  3. Захоп рукамі верхняй часткі цела не такі эфектыўны.
  4. 3 ярды ў студэнцкім амерыканскім футболе.
Тэмы гэтай старонкі (4):
Артыкулы да фарматавання
Амерыканскі футбол
Гульнёвыя віды спорту
Віды спорту