wd wp Пошук:

Аляксандр Залманавіч Гутковіч

Алякса́ндр За́лманавіч Гутко́віч, таксама вядомы як Аляксандр Захаравіч Гутковіч (20 снежня 1920, Аскеркі, Бешанковіцкі раён — 1989) — беларускі драматург, рэжысёр, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1981). Першым ажыццявіў экранізацыю рамана «Людзі на балоце» Івана Мележа.

Біяграфія

Скончыў Вярхоўскую сямігадовую школу Бешанковіцкага раёна (1935), потым год вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме ў Мінску, пасля здачы экстэрнам экзаменаў за 8 і 9 класы — у Бешанковіцкай сярэдняй школе. Пазней стаў студэнтам Ленінградскага інстытута інжынераў прамысловага будаўніцтва, але вучоба ў тэхнічнай навучальнай установе А. Гутковіча не задавальняла, бо ён заўсёды марыў аб сцэне. Правучыўшыся год, пачаў займацца ў студыі Вялікага драматычнага тэатра імя М. Горкага ў Ленінградзе (1938—1939). Адначасова працаваў артыстам дапаможнага складу тэатра.

У 1939 працягваў вучобу на рэжысёрскім факультэце Ленінградскага тэатральнага інстытута. У канцы таго ж года прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў радавым стралковага палка, культмасавым работнікам у палітаддзеле спецвойск Ленінградскага гарнізона. У маі 1941 дэмабілізаваўся і прыехаў да бацькоў у Бешанковічы, куды яны пераехалі з вёскі. Тут і застала вайна. Разам са сваякамі эвакуіраваўся ў Ніжні Тагіл, быў начальнікам клуба ваеннага завода, потым ваеннага шпіталя ў Бійску. У 1942 мабілізаваны на фронт. Ваяваў на Прыбалтыйскім фронце.

Пасля вайны паступіў на акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Падчас вучобы А. Гутковіч з’яўляўся штатным, потым пазаштатным рэпарцёрам БелТА па Мінску, а ў 1948—1950 — пазаштатным карэспандэнтам газеты «Звязда». Скончыўшы ў 1957 г. інстытут, працаваў акцёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску. З 1957 — загадчык педагагічнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1959 — рэжысёр на Рэспубліканскай студыі Беларускага тэлебачання.

Творчасць

Літаратурнай працай займаўся з 1947 г. А. Гутковіч — аўтар шматлікіх п’ес і тэлевізійных пастановак. Разам з Ф. Казлоўскім напісаў п’есу «Справа яе жыцця» (ставілася ў Віцебску і Гродне), «І праўда, і шчасце» (Брэст), інсцэніраваў раман К. Чорнага «Трэцяе пакаленне» (Бабруйск) і раман Д. Гараніна «Шукальнікі» (Віцебск), разам з У. Хазанскім напісаў п’есу «Юныя мсціўцы» («Мінск»). Яго пастаноўкі вызначаліся імкненнем да найбольш дакладнага пераносу літаратурнай першакрыніцы на тэлеэкран, добрымі сцэнічнымі якасцямі, шматграннасцю мастацкіх вобразаў і актуальнасцю праблематыкі, яе сацыяльным гучаннем.

Узнагароды

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Рэжысёры паводле алфавіта
Катэгорыя·Постаці Беларусьфільма
Катэгорыя·Рэжысёры Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1920 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Лепельскім павеце
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Бешанковіцкім раёне
Катэгорыя·Памерлі ў 1989 годзе
Катэгорыя·Кінарэжысёры Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 20 снежня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Кінематаграфісты без IMDb
Катэгорыя·Артыкулы пра кінематаграфістаў без партрэтаў
Катэгорыя·Заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларускай ССР
Катэгорыя·Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
Катэгорыя·Драматургі Беларусі
Катэгорыя·Пахаваныя на Паўночных могілках
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі