Альжбета Партугальская (4 студзеня 1271, Іспанія — 4 ліпеня 1336, Партугалія) — каталіцкая святая. Каралева Партугаліі.
У маладым узросце была выдадзена замуж за партугальскага караля Дыянісія і стала каралеваю. Усё жыццё фінансава падтрымлівала касцёлы і кляштары ў сваёй краіне, будавала шпіталі, дзіцячыя дамы і прытулкі, вялікую частку маёмасці раздала бедным. Будучы каралеваю, часта выступала пасрэдніцаю ва ўзброеных канфліктах.
Пасля смерці мужа Альжбета ўступіла ў Трэці ордэн святога Францішка. Яна памерла 4 ліпеня 1336 года і была пахаваная ў заснаваным ёю кляштары святой Клары ў Каімбры. З’яўляецца апякункаю Партугаліі[3].