wd wp Пошук:

Алонецкі ўрад

Ало́нецкі ўра́д — урад Алонецкай Карэліі, орган улады, створаны 15 мая 1918 года фінскімі інтэрвентамі для кіравання паўднёвымі раёнамі Карэліі (Алонецкай губерні), якія былі захопленыя імі падчас так званага Алонецкага паходу ў красавіку-маі 1918 года[1].

Урад, які ўзначальваўся суддзёй О.Окесанам, складаўся з мясцовых прадстаўнікоў карэльскага заможнага сялянства і прадпрымальнікаў. Асноўнай задачай ураду было далучэнне паўднёвай Карэліі да Фінляндыі[2].

Алонецкі ўрад фактычна быў марыянетачным, бо яго дзейнасць кіравалася заснаваным у Хельсінкі Алонецкім камітэтам. Праграма ваенных і адміністрацыйных мерапрыемстваў, а таксама захопаў тэрыторый паўднёвай Карэліі, складзеная гэтым камітэтам, стала праграмай Алонецкага ўрада і была ўхваленая ўрадам Фінляндыі 30 чэрвеня 1919 года.

Фінскі ўрад нават вылучыў Алонецкаму ўраду пазыкі і іншыя выдаткі (усяго на 16 600 000 фінскіх марак) на фарміраванне Алонецкага добраахвотніцкага войска колькасцю каля 2000 чалавек, а таксама на арганізацыю Алонецкага паходу, аднак запатрабаваў гарантаваць гэтыя выдаткі прыроднымі багаццямі Алонецкага края.

Алонецкае добраахвотніцкае войска было створана ў чэрвені-ліпені 1919 года пад патранажам Алонецкага ўрада, і быў арганізаваны Алонецкі паход[2]. У ліпені 1919 года ўрад быў рэарганізаваны і ў яго склад быў уведзены прадстаўнік ад Фінляндыі. Аднак у жніўні 1919 года Алонецкае добраахвотніцкае войска пацярпела паражэнне, Алонецкі паход праваліўся.

У кастрычніку 1920 года Алонецкі ўрад фармальна спыніў сваё існаванне, бо яго члены ўвайшлі ў склад Карэльскага аб’яднанага ўрада.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Гражданская война в Финляндии и германская интервенция 1918 г. Хронос
  2. 1 2 Олонецкое правительство Хронос
Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Несавецкія дзяржаўныя ўтварэнні часоў Грамадзянскай вайны ў Расіі
Катэгорыя·Савецка-фінскія адносіны
Катэгорыя·Гісторыя Карэліі
Катэгорыя·Зніклі ў 1920 годзе
Катэгорыя·Дзяржаўныя ўтварэнні часоў Грамадзянскай вайны ў Расіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·З’явіліся ў 1918 годзе