wd wp Пошук:

Яшчарка порсткая

Яшчарка порсткая (Lacerta agilis) — від паўзуноў сямейства сапраўдных яшчарак.

Апісанне

Назву атрымала за хуткія і імпульсіўныя рухі. Мае зграбнае, гнуткае тулава, добра выяўленую шыю і доўгі ломкі хвост. Даўжыня цела 6-9 см, разам з хвастом 14-22 см, маса 7-25 г. Маляўкі афарбаваны зверху ў карычневыя і буравата-шэрыя тоны, уздоўж хрыбта праходзяць 1-2 цёмныя палоскі, якія абкружаны вузкімі светлымі, іншы раз перарывістымі лініямі. У працэсе росту малюнак мяняецца. Цёмныя спінныя палосы нібы распадаюцца на асобныя плямы, па баках цела звычайна добра відаць шмат дробных плямак у цёмнай акантоўцы. Выражаны палавы дымарфізм: самцы, асабліва вясной у перыяд размнажэння, маюць ярка-зялёную афарбоўку, самкі — жаўтавата-карычневую, карычневабурую або буравата-шэрую. Афарбоўка ніжняй часткі цела самцоў зеленаватага адцення, у самак — матава-белага або злёгку блакітнага. У самцоў на брушку звычайна праступаюць цёмныя плямкі і крапіны.

Пашырэнне

Порсткая яшчарка пашырана ў Еўразіі ад Паўднёвай Англіі, Усходняй Францыі і паўночнай часткі Балканскага паўвострава на захадзе да Паўночнага Прыбайкалля і Паўднёвага Забайкалля на ўсходзе. На поўначы межы арэала дасягаюць 60° пн.ш., на паўднёвым усходзе даходзіць да паўночнага захаду Манголіі і заходняй часткі Кітая, на поўдні — да паўночнага ўсходу Турцыі. Від сустракаецца ў розных прыродных зонах (умеранага і часткова субтрапічнага паясоў): лясной, лесастэпавай, стэпавай і паўпустыннай. У Беларусі порсткая яшчарка дастаткова раўнамерна трапляецца на ўсёй тэрыторыі.

Насяляе звычайна адкрытыя, добра прагрэтыя ўзлескі, паляны, высечкі, прасекі, лугі, абочыны дарог, сухадольныя і пойменныя лугі. Аддае перавагу пагранічным участкам хваёвых лясоў і адкрытым біятопам. Нярэдка яна сустракаецца на нізінных лугах, якія мяжуюць з лясамі і вярховымі балотамі, на вільготных участках поймаў азёр і рэк, у алешніках.

Асаблівасці біялогіі

Кормяцца порсткія яшчаркі ў асноўным рознымі насякомымі, а таксама іншымі дробнымі беспазваночнымі (павукі, чарвякі, малюскі, ракападобныя, мнаганожкі).

Сутачная актыўнасць порсткай яшчаркі залежыць ад кліматычных умоў. У добрае сонечнае надвор’е яшчаркі маюць высокую рухавасць і манеўранасць.

Самка ў залежнасці ад памераў цела адкладвае ад 4 да 14 яек у спецыяльную ямку. Клопаты пра патомства порсткая яшчарка не праяўляе.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без ITIS
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Сапраўдныя яшчаркі
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе