wd wp Пошук:

Пятро Глебка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Глебка. Пятро Глебка (6 ліпеня 1905, в. Вялікая Уса, цяпер Уздзенскі раён, Мінская вобласць — 18 снежня 1969; Псеўданімы: Язэп Касіла, Асот і інш.) — беларускі паэт , драматург , перакладчык, грамадскі дзеяч. Акадэмік АН Беларускай ССР (1957, член-карэспандэнт з 1950). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934)[2].

Біяграфія

П. Глебка стаіць крайні справа

Пятро Глебка нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1923 скончыў Уздзенскую сямігодку і спрабаваў паступіць у БДУ, але няўдала. Вучыўся ў Белпедтэхнікуме (1924—1927), дзе пазнаёміўся з П. Трусам і М. Лужаніным, актыўна супрацоўнічаў з імі ў насценнай газеце. У 1925 Глебка ўступіў у шэрагі «Маладняка», у гэтым жа годзе ў газетах «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», часопісах «Работніца і сялянка», «Беларускі піянер» з’явіліся першыя вершы П. Глебкі. Пачынаў П. Глебка як тыповы маладняковец — з «маладняцкім задорам», са «стальной» верай у «залатое ранне» краіны. З пераходам П. Глебкі ў 1926 у літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Узвышша» мяняецца яго творчая манера. Яна становіцца больш стрыманай, рэфлексійна-разважлівай, псіхалагічна-паглыбленай. У 1928—1930 сакратар часопіса «Узвышша».

У 1927 Пятро Глебка перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, дзе атмасфера ў цэлым спрыяла інтэлектуальнаму росту і мастацкай творчасці.

Партрэт паэта Пятра Глебкі. Іван Ахрэмчык, 1943

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1930 годзе[2] П. Глебка працаваў загадчыкам літаддзела ў газеце «Калгаснік Беларусі», у часопісе «Полымя рэвалюцыі». Кансультант па паэзіі ў СП БССР (1934—1936). Падчас Вялікай Айчыннай вайны — у рэдакцыях франтавых газет «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь». Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў «Партызанскай дубінцы». У 1943—1945 рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь», галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве[2].

З 1945 года працаваў у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук Беларускай ССР, узначальваў групу па складанні «Руска-беларускага слоўніка» (1953). У 1952—1956 гадах кіраваў сектарам лексікаграфіі, з 1957 года — дырэктар Інстытута мовазнаўства. У 1957—1969 гадах Глебка узначальваў інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларускай ССР. У 1966—1969 гадах — акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук Беларускай ССР[2].

Член КПСС з 1942.

Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР у 1955—1967 гадах[2]. Удзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН (1955, 1956, 1957, 1964).

Меў багаты хатні кнігазбор[3], экслібрысы да якога стварылі знаныя беларускія мастакі Яўген Красоўскі (сяр. 1960-х), Мікалай Тарасікаў (кан. 1950-х), Анатоль Тычына (1960), Яўген Ціхановіч (1969). Мастак Мікола Купава па замове жонкі паэта выканаў экслібрыс (каля 1980), з якім асноўная частка кнігазбору П. Глебкі была перададзена ў бібліятэку НАН Беларусі (1986)[4].

Творчасць

Друкаваўся з 1925 года[2]. Першы зборнік П. Глебкі — «Шыпшына» (1927) — красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, сведчанне яго самабытнага таленту[2]. Лірыка паэта набывае сімволіка-алегарычныя абрысы, становіцца выразна медытатыўнай. Лірычны герой усё часцей самавыяўляецца праз мінорныя таны, праз вірлівы каскад супярэчлівых думак і перажыванняў. Тэма кахання стала адным з важных сродкаў самавыяўлення П. Глебкі. Вобраз каханай лейтматывам праходзіць праз цыкл вершаў «Краса маладосці» (1927). Створаны паэтам эскіз прыроды ў яго прыродаапісальных цыклах таксама спрыяе раскрыццю стану лірычнага героя («Дрыжаць у шэрані», «Клён завяў», «Гнуцца вербы», «Спаткаем вясну», «Месяц нурцуе» і інш.). У пазнейшых зборніках паэзіі — «Урачыстыя дні» (1930), «Хада падзей» (1932), «Чатыры вятры» (1935), «Мужнасць» (1938) — яскрава адбілася атмасфера літаратурнага жыцця 30-х гадоў з яе натхнёным услаўленнем гераічнай сучаснасці і апафеозам рэвалюцыі.

Рэчаіснасць бачылася маладому Глебку ў рамантычным святле, а будучыня Беларусі — мройліва і светла. Беларускія інтэнцыі паэта часам набываюць ясенінскія інтанацыі, пра што П. Глебка сам прызнаецца пазней у аўтабіяграфіі.

Сярод найлепшых вершаваных твораў ваеннага часу варта назваць «Партызаны», «Смерць салдата», «Родны хлеб», «Пасылка», «Гай», «Жывое слова», «Пра кнігі», «Беларусі», «Пералом», «Зварот» і інш. У цэлым жа лірыка ваеннага перыяду адметная ў маштабе ўсёй беларускай савецкай літаратуры 1941—1945, і, мабыць, не будзе памылкай лічыць яе вяршыняй літаратурна-мастацкай працы паэта.

Пераклаў на беларускую мову шмат твораў рускіх і савецкіх паэтаў. Песні на вершы Глебкі напісалі У. Алоўнікаў, Р. Пукст, А. Багатыроў, М. Чуркін і інш.

Творы паэта перакладзены на многія замежныя мовы.

Глебка і Янка Купала

Пазнаёміўся з Купалам увесну 1926 года на кватэры паэта. На працягу многіх гадоў быў у цесным сяброўстве з песняром і адчуваў яго падтрымку і дапамогу як паэт. Стаў адным з вучняў і паслядоўнікаў Купалы. Разам са сваім настаўнікам рэдагаваў творы Т. Шаўчэнкі. У некаторых творах Глебкі адчуваецца ўплыў Купалавай паэмы «Безназоўнае». Услед за Янкам Купалам развіваў у беларускай літаратуры жанр драматычнай паэмы. Прысвяціў Я. Купалу свае вершы «Песня» і «Жывое слова». Аўтар шматлікіх артыкулаў і ўспамінаў пра паэта: «Аб мове Янкі Купалы» («ЛіМ», 10 жніўня 1948 года), «Неапублікаваныя купалаўскія радкі» («ЛіМ», 30 чэрвеня 1951 года), «Шлях да сэрца народа» («Огонёк», 1952, № 28), «Вялікі пачатак» («ЛіМ», 28 мая 1955 года і іншыя[5].

Навуковая дзейнасць

П. Глебка вылучаўся глыбокім разуменнем ролі гуманітарнай навукі ў лёсе народа. Задоўга да таго, як акадэмік АН Беларусі П. Ф. Глебка (з 1957) узначаліў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) АН БССР (1957—1969), а затым усё аддзяленне грамадскіх навук, ён клапаціўся аб развіцці мовы, яе культуры і дзяржаўным статусе, аб шляхах мовазнаўства і іншых галін навукі ў рэспубліцы. П. Ф. Глебка прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы плана выдання зводу беларускай народнай творчасці (БНТ). Ініцыяваная ім серыя БНТ налічвае каля 50 тамоў твораў традыцыйнай культуры[6]. Па яго прапанове навуковыя супрацоўнікі ІМЭФ АН Беларусі пачалі збор і падрыхтоўку да выдання помнікаў гісторыі і культуры Беларусі (7 тамоў). Як вучоны і арганізатар навукі П. Ф. Глебка далучыўся да выпрацоўкі стратэгічных кірункаў развіцця тэатразнаўства і фалькларыстыкі, мастацтвазнаўства і этнаграфіі, кіназнаўства і этнамузыкалогіі.

Ацэнкі сучаснікаў

Кузьма Чорны ў сваім дзённіку характарызаваў Глебку наступным чынам:

(9 жніўня 1944):

“Ён самы асвечаны і культурны з усіх сённяшніх жывых беларускіх пісьменнікаў і самы большы абладальнік яснай думкі. Вышэйшая асвета дала яму вялікую карысць. Яго талент узбагачан думкаю, ясным розумам. Кафедра беларускага універсітэта была ашчасліўлена такім прафесарам. Але ж, бачыце, (…) [хоча] і «жыць, як паэт»[7].

Літаратурная бібліяграфія

Зборнікі паэзіі

Паэмы

Дзіцячая паэзія

Драматургічныя творы

Крытыка і публіцыстыка

Пераклады

Перакладаў на беларускую мову з рускай і ўкраінскай моў. Пераклаў на беларускую мову творы М. Горкага, А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Някрасава, А. Чэхава, У. Маякоўскага, Т. Шаўчэнкі, М. Бажана, А. Пракоф’ева(руск.) бел., А. Суркова(руск.) бел. і іншых[2].

Узнагароды

Памяць

Зноскі

  1. 1 2 The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Глебка Петро // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 148-149. — 737 с.
  3. Прэзентацыя каталога “Бібліятэка акадэміка П.Ф. Глебкі (1905–1969) : з фонду аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі” // 23 верасня 2015
  4. Ад Тычыны да Купавы: З гісторыі экслібрыса Пятра Глебкі // Літаратура і Мастацтва : Газета. — 24 жніўня 2012. — № 34 (4680)]. — С. 21.
  5. Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Глебка». — С. 158.
  6. Беларуская народная творчасць. 1970—2007. Бібліяграфія
  7. Кузьма Чорны. Выбраныя творы. — Мн.: Беллітфонд, 2000. — С. 582.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (52):
Дыпламаты Беларусі
Выпускнікі Мінскага беларускага педагагічнага тэхнікума
Драматургі СССР
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Драматургі Беларусі
Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 5-га склікання
Беларускамоўныя паэты
Перакладчыкі Беларусі
Супрацоўнікі ІМЭФ НАНБ
Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
Выпускнікі педагагічнага факультэта БДУ
Лексікографы Беларусі
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Беларускамоўныя пісьменнікі
Нарадзіліся ва Уздзенскім раёне
Грамадскія дзеячы Беларусі
Кавалеры ордэна Леніна
Акадэмікі Акадэміі навук Беларускай ССР
Памерлі ў 1969 годзе
Перакладчыкі СССР
Вучоныя Беларусі
Паэты Беларусі
Нарадзіліся ў 1905 годзе
Дырэктары ІМЭФ НАНБ
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Нарадзіліся 6 ліпеня
Члены КПСС
Перакладчыкі на беларускую мову
Памерлі 18 снежня
Члены Саюза пісьменнікаў СССР
Драматургі паводле алфавіта
Драматургі XX стагоддзя
Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 6-га склікання
Асобы
Паэты СССР
Сябры літаратурнага аб’яднання «Маладняк»
Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны
Дзіцячыя пісьменнікі Беларусі
Паэты XX стагоддзя
Сябры літаратурнага аб’яднання «Узвышша»
Паэты паводле алфавіта
Перакладчыкі XX стагоддзя
Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 4-га склікання
Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства НАНБ
Перакладчыкі паводле алфавіта
Памерлі ў Мінску
Пісьменнікі паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных