wd wp Пошук:

Мікола Шабовіч

Мікола Шабовіч (Мікалай Віктаравіч Шабовіч; 4 студзеня 1959, вёска Бадзені, Мядзельскі раён, Мінская вобласць — 16 лістапада 2021) — беларускі паэт, паэт-перакладчык, філолаг і педагог.

Кандыдат філалагічных навук (2004), дацэнт (2008).

Біяграфія

Адукацыя

У 1966—1974 гг. вучыўся ў сярэдняй школе ў вёсцы Дзягілі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. У 1974—1976 гг. вучыўся і скончыў сярэднюю школу № 1 горада Мядзел[2].

У 1977—1981 г. вучыўся і скончыў філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура». На першым курсе інстытута выкладчыкам у Міколы Шабовіча быў вядомы мовазнавец Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі[3].

Працоўная дзейнасць

Працаваў у 1981—1986 гг. настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Шыпкоўскай васьмігадовай школе Вілейскага раёна.

Пасля заканчэння аспірантуры (1989) выкладаў з 1989 года[1] беларускую мову ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэта імя Максіма Танка (БДПУ). Па сумяшчальніцтве ў 1992—2002 гг. працаваў загадчыкам літаратурна-драматычнай часткі Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне.

Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Аказіянальныя словы ў беларускіх мастацкіх тэкстах 20-х гадоў ХХ стагоддзя» і атрымаў навуковую ступень кандыдата філалагічных навук (2004). У 2008 годзе атрымаў вучонае званне дацэнта.

Да смерці працаваў на пасадзе дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, а таксама на пасадзе дацэнта кафедры сучасных еўрапейскіх моў БНТУ[4]. Даследаваў аказіянальную лексіку ў мастацкіх тэкстах. Аўтар больш як 50 навуковых артыкулаў і манаграфіі «Аказіянальныя словы ў беларускіх мастацкіх тэкстах 20-х гадоў ХХ стагоддзя» (2013). Сфера навуковых інтарэсаў — лексікалогія і дэрываталогія.

Памёр 16 лістапада 2021 года ад наступстваў COVID-19[5].

Творчасць

Мікола Шабовіч у час афіцыйнай прэзентацыі сваёй кнігі «Прыколы ад Міколы» на XXII Міжнароднай кніжнай выстаўцы ў Мінску (Беларусь), 14 лютага 2015 г.

Ствараў вершы на беларускай мове. Першы верш Міколы Шабовіча быў надрукаваны ў 1976 годзе ў раённай газеце «Нарачанская зара»[1]. Свой першы зборнік вершаў «Сэрцатрасенне» аўтар падаў у выдавецтва «Мастацкая літаратура» ў 1980-я гг., але з-за адмоўнай рэцэнзіі Рыгора Яўсеева зборнік не быў надрукаваны тады, што сам Шабовіч пазней прызнаў за рацыянальнае[3]. Сваю першую падборку з 17 вершаў пад назвай «Каб вымавіць: „Люблю!“» Мікола Шабовіч апублікаваў у калектыўным зборніку «Крыло» (1984)[3].

Аўтар паэтычных зборнікаў:

Паэзія Міколы Шабовіча — лірычна-філасофская. Яна акумулюе як трагедыйнасць нашага часу, так і імгненні шчасця, радасць жыць і тварыць на роднай зямлі. Галоўная тэма яго творчасці — гэта тэма кахання, светлае пачуццё да жанчыны. Акрамя таго паэт напісаў шмат прачулых вершаваных твораў пра свой родны Мядзельскі край, яскравыя літаратурныя пародыі, эпіграмы і прысвячэнні сваім калегам па пяру[6][7], гумарыстычныя вершы.

На вершы Міколы Шабовіча напісана больш як 180 песень, якія выконвалі Ірына Дарафеева, Алеся Гайдук, Алег Цівуноў, Дзмітрый Мінько і іншыя[7]. Некаторыя з іх гучалі на Нацыянальным фестывалі беларускай паэзіі і песні ў Маладзечне і Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». З песняй «Я чакаю цябе» (словы Міколы Шабовіча, музыка Алены Атрашкевіч) Таццяна Валахановіч перамагла ў 2015 годзе на конкурсе маладых выканаўцаў у рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай паэзіі і песні ў Маладзечне. 30 песень на вершы Міколы Шабовіча напісаў кампазітар Мікалай Яцкоў[3]. Песня «Пад небам Радзімы» (словы Міколы Шабовіча, музыка Дзмітрыя Пятровіча) з 2017 г. увайшла ў рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча (Беларусь)[7].

Мікола Шабовіч — аўтар слоў гімна (2014) Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Спрыяў развіццю маладых беларускіх паэтаў і празаікаў — удзельнікаў літаратурнай суполкі «Крокі».

Са снежня 1998 года быў членам Саюза беларускіх пісьменнікаў[3], а пасля Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе ў апошнія гады жыцця быў членам праўлення[8] Саюза і старшынёй бюро секцыі сатыры і гумару[7]. Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 2000 года.

Паэтычныя пераклады

У апошнія гады жыцця актыўна працаваў як перакладчык. Перакладаў на беларускую мову творы рускіх паэтаў — Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Канстанціна Бальмонта, Ігара Грыгор’ева, Мікалая Рубцова, Анатоля Аўруціна, Юрыя Фатнева, Валянціны Паліканінай, Таццяны Лейкі і інш.

Узнагароды

Навуковыя публікацыі

Кнігі

Артыкулы

Літаратура

Зноскі

  1. 1 2 3 Николай Викторович Шабович
  2. Паводле інфармацыі з сацыяльнай сеткі. Гл.: акаунт Міколы Шабовіча ў сацыяльнай сетцы (другі) // ok.ru
  3. 1 2 3 4 5 Мікола Шабовіч: ПАЦЕРКІ ЎСПАМІНАЎ Архівавана 11 красавіка 2017.
  4. Шабович Николай Викторович Архівавана 1 мая 2017.
  5. Аксана Ярашонак Памёр паэт, ураджэнец Мядзельшчыны Мікола Шабовіч (нявызн.) (недаступная спасылка). rh.by (17 лістапада 2021). Архівавана з першакрыніцы 17 лістапада 2021. Праверана 17-11-2021.
  6. Навінкі беларускай літаратуры
  7. 1 2 3 4 5 Творчая імпрэза паэта Міколы ШАБОВІЧА «Я да цябе прапісаны, мой край!»
  8. МУЗА В ТЕХНИЧЕСКОМ ИНТЕРЬЕРЕ Архівавана 25 лютага 2018.
  9. Памятная медаль «Поэт и воин Игорь Григорьев (1923—1996)»

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Выкладчыкі БДПУ імя Максіма Танка
Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі
Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
Асобы
Нарадзіліся ў 1959 годзе
Філолагі Беларусі
Перакладчыкі Беларусі
Нарадзіліся 4 студзеня
Памерлі ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19
Паэты Беларусі
Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка
Беларускамоўныя паэты
Члены Беларускага саюза тэатральных дзеячаў
Пісьменнікі паводле алфавіта
Лаўрэаты прэміі «Залаты Купідон»
Памерлі ў 2021 годзе
Вікіпедыя:Асобы, якія памерлі менш за год таму
Выкладчыкі БНТУ
Памерлі 16 лістапада
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Нарадзіліся ў Мядзельскім раёне