Майяпа́н, або Маяпа́н[1] (Mayapán) — горад-дзяржава мая на поўначы паўвострава Юкатан (Мексіка). Заснаваны, верагодна, у 10 ст. У 12—15 ст. займаў пануючае становішча сярод іншых гарадоў на тэрыторыі паўвострава. Маяпанская валадарская дынастыя Какомаў была тальтэкскай па паходжанню. У сярэдзіне 15 ст. Маяпан быў разгромлены войскамі горада Мані і яго саюзнікаў. Асноўныя археалагічныя даследаванні Маяпана праводзіліся ў 1950-х экспедыцыяй інстытута Карнегі (ЗША). Гарадзішча Маяпана (плошча ~ 4 км²) было акружана каменнай сцяной з 6 галоўнымі варотамі; унутры знаходзілася звыш 3,5 тысяч будынкаў, сярод якіх храм «Касцільё», шматлікія залы з калонамі, платформы для танцаў, круглы храм «Караколь» і жылыя дамы. У архітэктуры і скульптуры прыкметны ўплыў тальтэкскай культуры.
Стан руін горшы, чым у іншых старажытных гарадах мая ў акрузе, што шмат у чым абумоўлена паўстаннем у 1441 годзе, калі большасць будынкаў была падпалена ці разбурана, а вялікая частка насельніцтва горада забіта. У перыяд росквіту горада ў ім, мабыць, жыло каля 12 тысяч чалавек і налічвалася каля трох з паловай тысяч будынкаў.