wd wp Пошук:

Дом-музей Адама Міцкевіча

Дом-музей Адама Міцкевіча — літаратурна-мемарыяльны музей у г. Навагрудак Гродзенскай вобл..

Гісторыя

Музей месціцца ў доме, дзе ад нараджэння жыў Адам Міцкевіч.

Першая спроба стварэння ў Навагрудку музея Адама Міцкевіча адносіцца да 1920 года. Адкрыты для наведвальнікаў дом-музей быў 11 верасня 1938 года. Аднак, ужо 22 чэрвеня 1941 года разбураны трапленнем нямецкай авіябомбай, экспанаты знішчаны. Адноўлены ў 1955 годзе.

Сучасны выгляд дом-музей набыў пасля рэканструкцыі 1986—1989 гадоў, якую рабілі польскія фірмы Budimex і Białostocki Kombinat Budowlany на грошы беларускага ўраду. Быў адноўлены галоўны будынак па ўзоры пачатку ХІХ ст., на тэрыторыі сядзібы пабудаваны флігель (малы жылы дом), які злучаецца з асноўным будынкам падземным пераходам, а таксама свіран, калодзеж, альтанка.

Сталая экспазіцыя музея адноўлена ў 1992 годзе разам з Варшаўскім літаратурным музеем імя А. Міцкевіча. Дзеючая экспазіцыя адкрыта 25 мая 2001 года. Работы па яе стварэнні за сродкі бюджэту Навагрудскага раёна выкананы прадпрыемствам «Мінскі мастацкі камбінат». Аўтары навуковай канцэпцыі супрацоўнікі Дома-музея.

Экспазіцыя

Тэрыторыя музея складае 0,47 га. Агульная плошча будынкаў музея — 659 кв.м. З іх экспазіцыйная плошча музея — 215 кв.м, выставачная плошча — 90 кв.м.

Агульная колькасць музейных прадметаў — каля 8000 адзінак.

Экспазіцыя размешчана ў 5 залах і выставачнай галерэі.

У 1-й зале прадстаўлены матэрыял пра сям’ю А.Міцкевіча (дакументы, партрэты бацькоў, братоў), знаходкі з археалагічных раскопак на радзіме паэта ў в. Завоссе Баранавіцкага раёна, падручнікі для павятовых школ, сярод якіх падручнік па матэматыцы 1772.

Экспазіцыя 2-й залы звязана з бацькам А.Міцкевіча і яго адвакацкай практыкай. Сярод экспанатаў: пратаколы судовых пасяджэнняў, кішэнны гадзіннік, падсвечнік, чарнільны прыбор, шафы пачатку 19 ст., дзе захоўваюцца юрыдычная літаратура і кнігі, выдадзеныя да 1812, у т.л. «Біблія» на французскай мове 1775. Асобны раздзел прысвечаны паўстанню пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі 1794.

У 3-й зале (былая гасцёўня) экспануюцца мэбля 19 ст., фарфоравы і фаянсавы посуд канца 18 — пачатку 19 ст., настольны гадзіннік канца 18 ст., які знаходзіўся ў 1822 у пакоі А. Міцкевіча ў Вільні, матэрыялы пра вучобу паэта ў Віленскім універсітэце і пачатак яго творчасці.

Экспазіцыя 4-й залы прысвечана знаходжанню А. Міцкевіча ў Расіі. Тут захоўваюцца копіі кніг А. Міцкевіча, выдадзеных у Расіі і іншых краінах, копіі партрэтаў «А.Міцкевіч» Ю. Аляшкевіча і «А.Міцкевіч на гары Аю-Даг» В.Ваньковіча, партрэты рускіх паэтаў і пісьменнікаў, якія захапляліся творчасцю А. Міцкевіча, раяль і мэбля 19 ст.

Перыяд знаходжання А. Міцкевіча ў Германіі, Швейцарыі, Італіі, Францыі прадстаўлены матэрыяламі экспазіцыі 5-й залы. Сярод экспанатаў: партрэты жонкі і дзяцей пісьменніка, І. Гётэ, Ф. Шапэна, Н. Орды, М.Агінскага і інш., копія першага выдання паэмы «Пан Тадэвуш», дакументы пра апошнія дні А.Міцкевіча, бронзавая мадэль помніка (1909 — 29) паэту ў Парыжы, набытая музеем у 1937 ва ўдавы скульптара Э.Бурдэля.

У выставачнай галерэі штогод праходзяць каля 10 выставак. Дзейнічаюць пастаянныя выстаўкі: этнаграфічная «Малюнкі сельскага жыцця»; «Свет кухні Міцкевічаў», дзе экспануецца керамічны посуд 19 ст.; «Паэма Пан Тадэвуш» — праз гады і народы", на якой прадстаўлена больш 70-ці выданняў твора, пачынаючы з сярэдзіны 19 ст., у т.л. на замежных мовах.

Прапануюцца:

Аглядная экскурсія: (уключае наведванне галоўнага будынка, падвальных памяшканняў і выставачнай тэрыторыіі, флігеля).

Тэматычныя экскурсіі:

  1. Жанчыны ў жыцці і творчасці А.Міцкевіча (для навучэнцаў і дарослых). У экскурсіі робіцца акцэнт на ўплыў жанчын (М.Верашчака, К.Яніш, К.Сабаньска, Е. Г. Анквіч, М.Шманоўская і інш.) на жыццёвы і творчы шлях паэта.

  2. Расійскі перыяд жыцця Адама Міцкевіча (для ўсіх катэгорый) А.Міцкевіч пражыў у Расіі амаль 5 гадоў (1824—1829гг). Апавядаецца аб яго жыцці ў Пецярбургу, Адэсе, Крыме, Маскве, аб творчых узаемаадносінах з рускімі паэтамі (А.Пушкін, М.Палявы,.Жукоўскі і інш.), аб творах гэтага перыяду, дзе А.Міцкевіч па словах М.Палявога быў «не толькі як першы польскі паэт, але як амаль першы сярод сёння існуючых».

  3. Шляхецкія сядзібы Навагрудчыны. (сярэдні і старэйшы школьны ўзрост, дарослыя) У экскурсіі расказваецца аб сядзібах у Завоссі, Туганавічах, Шчорсах, аб іх архітэктурных і планіровачных асаблівасцях, аб іх уладальніках і ролі гэтых людзей у жыцці А.Міцкевіча і гісторыі Беларусі.

  4. Адам Міцкевіч у творчасці мастакоў і скульптараў. (для ўсіх катэгорый) Аповяд пра змешчаныя ў экспазіцыі і фондах работы Аляшкевіча, Арлоўскага, Ваньковіча, Бурдэля, Д’Анжэ, Назарэнкі, Панкратава, Кашкурэвіча і іншых.

Працуе сувенірны кіёск.

Асветніцкая дзейнасць

Штогод музей наведвае больш 20 тыс. чалавек, з іх — 10-15 % замежныя турысты. праводзіцца звыш 600 экскурсій на беларускай, рускай, польскай і англійскай мовах. Перыядычна арганізоўваюцца і праводзяцца літаратурна-музычныя вечарыны, навуковыя канферэнцыі, прэзентацыі выставак і кніг, батлеечныя спектаклі і інш. мерапрыемствы. Налажана супрацоўніцтва з музеямі Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы. У 2016 годзе музей наведала 21,3 тыс. чалавек (паводле наведвальнасці 6-е месца ў Гродзенскай вобласці)[1].

За час работы новай экспазіцыі (з 2001 г.) Дом-музей двойчы быў прызнаны лепшай установай культуры Гродзенскай вобласці, стаў лаўрэатам 1-га Рэспубліканскага турыстычнага конкурса «Пазнай Беларусь» у намінацыі «лепшы музей», мае падзячныя пісьмы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускай камісіі ЮНЕСКА і інш. 2 супрацоўнікі музея сталі лаўрэатамі Прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя А. І. Дубко ў намінацыі «За творчыя дасягненні ў галіне культуры».

Зноскі

  1. Культура Республики Беларусь. — Мн.: Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2017. — С. 27–28.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Дамы-музеі Беларусі
Катэгорыя·Адам Міцкевіч
Катэгорыя·Музеі паводле алфавіта
Катэгорыя·Культура Навагрудка
Катэгорыя·Славутасці Навагрудка
Катэгорыя·Музеі Гродзенскай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара