wd wp Пошук:

Гальшанскі замак

Гальшанскі замак — палацава-замкавы комплекс, рэзідэнцыя магнацкага роду Сапегаў у XVI—XVII стагоддзях. Размешчаны ў даліне ракі Гальшанкі (у ніжнім цячэнні Альшанка, гістарычныя назвы Луста, Жыгянка, Вішнеўка) каля мястэчка Гальшаны.

Гісторыя

Паселішча Гальшаны з драўляным замкам, вядомае па летапісах з ХIIІ стагоддзя, узнікла на высокай самароднай гары над ракой Карабель, на паўночны ўсход ад мястэчка Гальшаны. Князі Гальшанскія валодалі замкам да 1525 года, потым, пасля шлюбу князёўны Алены Гальшанскай з Паўлам Сапегам, перайшоў да Сапегаў. Пры Сапегу рэзідэнцыю перанеслі на бераг Гальшанкі.

Гальшанскі мураваны замак, узведзены ў першай палове ХVII стагоддзя, — наглядная ілюстрацыя тых значных змен у архітэктуры, якія адбыліся на працягу стагоддзя. Сваёй кампазіцыяй ён аддалена нагадвае Мірскі замак і ўяўляе сабой прамавугольны (88,6 х 95,6 м) замкнуты будынак. Жылыя карпусы з вежамі на вуглах утвараюць замкнёны квадратны двор. Аднак магутныя абарончыя сцены, характэрныя для замкавага будаўніцтва ХVІ ст., у Гальшанах саступілі месца фасаду жылога дома. Тут ужо няма надбрамнай вежы, а шасцікантовыя вежы сталі меншыя і больш стройныя. У іх размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя памяшканні. Вежы яшчэ канчаткова не страцілі свайго абарончага значэння, аднак аснова абароны Гальшанскага замка перамясцілася ўжо на земляныя магутныя валы і вадзяныя равы, што абкружалі замак.

Уязная брама размяшчалася па цэнтры паўночна-ўсходняга фасаду, які з гэтага боку вызначаецца манументальнай прастатой. Арачны партал абрамляўся архівольтам. Сцены замка мелі фігурную муроўку з лепкай, былі расчлянёны вялікімі вокнамі. На ўзроўні другога паверха паўночна-ўсходняга корпуса з боку двара праходзіла адкрытая галерэя. Пад замкам размяшчаліся вялікія скляпы. Інтэр’еры былі багата аздоблены. Сцены ўпрыгожаны жывапісам. Значную дэкаратыўную ролю адыгрывалі кафляныя печы, стукавая лепка па столі і камінах, а таксама падлога з керамічных тэракотавых, паліваных зялёных і карычневых крыжа-, зоркападобных, прамавугольных і квадратных плітак. У замку была праведзена ўнікальная сістэма ацяплення, водаправод і каналізацыя.

Багацця Сапегі хапіла нават на тры штучныя возеры, дно якіх выкладзена пліткай. Сапегі сабралі ўнікальную бібліятэку, калекцыю карцін і зброі. Насупраць замкавай брамы, на процілеглым баку падворка знаходзілася невялікая каплічка, убудаваная ў жылы корпус.

Выява Гальшанскага замка на памятнай манеце Нацбанка Беларусі

Кампазіцыя вонкавага фасада Гальшанскага замка нагадвае адначасныя галандскія замкі Батэстэйн(гал.) бел. і Клейдал(гал.) бел. пад Антверпенам. Такое падабенства тлумачыцца тым, што Беларусь адчувала моцны ўплыў галандска-фламандскай архітэктуры, які быў вынікам ажыўленых культурных і гандлёвых сувязей з краінамі Заходняй Еўропы. З канца ХVІ і да пачатку ХVIIІ стагоддзя на землях Рэчы Паспалітай рэзідэнцыі магнатаў будаваліся з анфіладнай планіроўкай памяшканняў, з аркаднымі галерэямі і нарожнымі вежамі. Паводле такога прынцыпу, у прыватнасці, пабудаваны ў канцы ХVІ — пачатку ХVII стагоддзяў польскія замкі Баранаў, Красічын, Суха. Архітэктурная кампазіцыя, планіроўка і часткова іх памеры вельмі блізкія і падобныя да архітэктурна-планіровачных элементаў Гальшанскага замка.

Замак неаднаразова быў разбураны і перабудаваны, што значна змяніла яго знешні выгляд і аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю (страчаны галерэі, дэкаратыўнае афармленне сцен, прыбудаваны да паўночна-заходняга і паўднёва-ўсходняга карпусоў 2 пяцігранныя вежачкі). У выніку абследавання помніка ў 1981—1983 гадах архітэктурна-археалагічнай экспедыцыяй Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры выяўлены 3 розначасовыя этапы будаўніцтва, якія адрозніваюцца характарам выкарыстанай цэглы, вапнавага раствору і тэхнікай муроўкі.

Дрэнная захаванасць замка ў Гальшанах не дазваляе дастаткова поўна вызначыць яго планіроўку. Можна толькі сцвярджаць, што справа ад уваходу знаходзілася вялікая квадратная зала з чатырма калонамі, на якія абапіраліся крыжовыя скляпенні.

Ужо ў ХVII стагоддзі Гальшанскі замак ад Сапегаў трапіў да іншых гаспадароў і на працягу стагоддзяў часта пераходзіў з рук у рукі. У 1880 годзе ўладальнік замка Гарбанёў пачаў узрываць вежы і сцены, а цэглу прадаваў на пабудову карчмы.

Сучасны стан

Адноўленая вежа Гальшанскага замка, 2021 год.

Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года № 437 Гальшанскі замак быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, выдаткі на захаванне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[1].

У 2018 годзе праведзеная гідраізаляцыя фундамента, адноўлены сцены паўночнай вежы, а таксама аконныя і дзвярныя праёмы. Муры вежы для ўмацавання былі сцягнутыя спіралепадобнымі стрыжнямі, між’ярусныя перакрыцці — умацаваныя, а наверсе ўсталяваны дах з флюгерам. Адбываецца рэканструкцыя фрагментаў сцен, якія прылягаюць да вежы[2].

6 мая 2021 адбылося ўрачыстае адкрыццё Паўночнай вежы Гальшанскага замка і турыстычна-інфармацыйнага цэнтра пры ім[3].

Галерэя

Зноскі

  1. Постановление Совета Министров от 03.06.2016 № 437 О некоторых вопросах обеспечения сохранности историко-культурных ценностей Архівавана 24 лютага 2020.
  2. kimpress.by
  3. nn.by

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Будынкі і калекцыі роду Сапегаў
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Палацы Беларусі
Катэгорыя·Славутасці Ашмянскага раёна
Катэгорыя·Гальшаны
Катэгорыя·Замкі Беларусі
Катэгорыя·Замкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Замкі Вялікага Княства Літоўскага