wd wp Пошук:

Ваханскі калідор

Ваханскі калідор

Ваханскі калідор — доўгая вузкая паласа зямлі, выцягнутая ў шыротным кірунку на ўсходзе Афганістана ў правінцыі Бадахшан, прырошчаная да тэрыторыі краіны выніку афгана-брытанскай дамовы 1893. Такім чынам Ваханскі калідор з’яўляецца класічнай буфернай зонай або геапалітычным выступам. Калідор падзяляе землі Пакістана і Таджыкістана, што ляжаць на поўдзень і на поўнач ад яго адпаведна. Дзякуючы Ваханскаму калідору Афганістан атрымаў мяжу з Кітаем. Прырода тут горная і суровая, насельніцтва рэдкае. Нягледзячы на гэта, са старажытных часоў калідор быў важным перавалачным шляхам з Паўднёвай (Афганістан, Індыя) у Цэнтральную (Заходні Кітай) Азію, з’яўляючыся самым складаным участкам Вялікага Шаўковага шляху.

Гісторыя

Перавал Паўднёвы Вахджыраван, фота Аўрэла Стэйна (1912)

Горы Ваханскага калідора здаўна забяспечвалі адзіную адносна зручную магчымасць падарожжа з Бадахшана ў Яркенд. Мяркуецца, што ў ХІІІ стагоддзі гэтай дарогай у Кітай трапіў Марка Пола[1] У 1906 годзе калідор даследваў брытанец сэр Аўрэл Стэйн і адзначыў, што цягам года тут прахозіць каля ста караванаў гружаных поні.

Карта рэгіёна напрыканцы ХІХ стагоддзя, да з'яўлення калідора

Сваім з’яўленнем на палітычнай карце Ваханскі калідор абавязаны так званай Вялікай Гульні — складаным геапалітычным адносінам і дыпламатычным хадам паміж Расійскай і Брытанскай імперыямі на мяжы Цэнтральнай і Паўднёвай Азій. У 1873 вялікія дзяржавы раздзялілі гістарычны рэгіён Вахан надвое і нечакана атрымалі нежаданую супольную мяжу. Таму сэр Мортымер Дзюранд, падпісваючы з ў 1893 годзе дамову з Афганістанам аб вызначэнні мяжы па лініі, што неўзабаве стала насіць яго імя, падоўжыў афганскую тэрыторыю ажно да Кітая якраз на той самы калідор.

Геаграфія

Вузкая алювіяльная раўніна, сціснутая гарамі

Даўжыня калідора складае 350 км, шырыня вар’юецца ад 13 да 65 км. На ўсходзе калідор раздвойваеца і фарміруе нібыта відэлец з больш высунутым паўночным “зубцом”, што робіць мяжу з Кітаем даволі працягай (76 км). Адзіным зручным перавалам на гэтай мяжы з’яўляецца Паўднёвы Вахджыраван, што ў паўднёвым “зубцы” (вышыня 4923 метры!). Поўдзень калідора занятая гарамі Каракарума, поўнач — Паміра. Горы паніжаюцца з усходу на захад. Клімат вельмі суровы, зімой тэмпература звычайна ніжэйшая за -15°С, снегу ляжыць процьма. Паўночная мяжа калідора праходзіць па рэках Пяндж і Памір, прычым другая, злучаючыся з ракой Вахандар’я, ад імя якой пайшла назва рэгіёна, утварае першую.

Насельніцтва Ваханскага калідора ў 2010-м складала ўсяго 12 000 чалавек. Горы населеныя памірцамі — невялікімі мусульманскімі народамі іранскай моўнай групы.

Зноскі

  1. https://en.wikisource.org/wiki/The_Travels_of_Marco_Polo/Book_1/Chapter_32
Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Геаграфія Афганістана