wd wp Пошук:

Васіль Вітка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Вітка. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Крысько. Васіль Ві́тка, сапр. Цімох Васілевіч Крысько (16 мая 1911, в. Еўлічы, Слуцкі раён, Мінская вобласць — 5 ліпеня 1996) — беларускі літаратурны крытык, паэт , перакладчык, публіцыст , празаік , літаратурны крытык, драматург , педагог; класік беларускай дзіцячай літаратуры. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1970)[1].

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Быў старэйшым дзіцем у сям’і, акрамя яго было яшчэ двое братоў і дзве сястры[2].

Скончыў Слуцкую прафтэхшколу (1928), працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у заводскай шматтыражцы (1929-30), рэдакцыях газет «Камуніст» (Бабруйск, 1930-33), «Ударнік» (Жлобін, 1933-35)[1]. Пасля пераехаў у Мінск, дзе з 1935 года працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена».

У 1935 годзе адбылося яго знаёмства з будучай жонкай яўрэйкай Вольгай (Эльке) Рыгораўнай Лерман[2]. У 1936 годзе яны пабраліся шлюбам. Вольга была трэцяй па ўзросце з сямі дочак у сям’і Рыгора і Рахілі Беркаўны Лерманаў. Яе малодшая сястра Геня выйшла замуж за паэта Рыгору Суніцу, брата Міхася Лынькова[3]. У 1937 годзе ў Цімоха і Вольгі нарадзіўся сын Вісарыён, названы бацькам у гонар рускага пісьменніка Вісарыёна Бялінскага[2].

У час сталінскіх рэпрэсій, у 1937 годзе быў выключаны з камсамола і выгнаны з рэдакцыі «Чырвонай змены» «за страту пільнасці і лібералізм». На працу не бралі, дапамог Рыгор Лынькоў, які узяў на сваё імя тэрміновую работу і перадаў яе Крысько. Гаспадыня прыватнага дамка на вуліцы Розы Люксембург, якая здавала сям’і пакойчык, спалохалася і пагнала іх з кватэры. Тады Міхась Лынькоў дамогся праз Літфонд, каб яго пасялілі ў флігельку вартаўніка пры Доме творчасці ў Пухавічах. У гэты час Цімох Крысько захварэў на сустаўны раматус і пачаў хадзіць з кіёчкам. Праз дзевяць месяцаў быў адноўлены на працы[4]. Працаваў у рэдакцыях газет «Літаратура і мастацтва» (1937-38) і часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1938-39)[1].

У лістападзе 1939 года яго прызваны ў армію. Служба праходзіла ў Чырвоным Урочышчы пад Мінскам[4]. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і да самага пачатку вайны працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР[1]. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны  хутка паехалі ў Гомель, дзе Крысько пайшоў у ваенкамат, каб стаць дабраахвотнікам, але яго не прапусцілі па зроку і адразу ж накіравалі ў Маскву працаваць у беларускіх выданнях. Размінуўся з жонкай і сустрэўся з ёй толькі пад канец вайны. Вольга пешкі з двума маленькімі дзецьмі на руках дайшла з Гомеля ў Оршу, а потым дабралася да Смаленска, дзе ёй удалося сесці ў цягнік. Так сям’я апынулася ў эвакуацыі ў Кургане[4].

Цімох працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», а з 1942 — у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, рэдактар масавых выданняў для акупіраваных раёнаў. Супрацоўнічаў у сатырычных часопісах «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну».

З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (студзень 1944) працаваў яго адказным сакратаром, з 1948 — намеснікам, з 1951 — галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957-74 — галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». У 1974-87 — член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1943.

Жыў у Доме пісьменнікаў па вул. Карла Маркса, 36[2].

Паводле ўспамінаў унучкі, Юліі Чарняўскай, пасля рэферэндуму 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі на новую, ініцыяванага прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, Васіль Вітка напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання, беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме[2].

Творчасць

Друкавацца пачаў у 1928[1].

Паэзія

Першы зборнік вершаў «Гартаванне» выдадзены ў 1944 ў Маскве. Затым выйшлі зборнікі паэзіі «Поўдзень» (1946), «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961), «Вершы» (1968), «Беларуская калыханка» (1971), «Праводзіны лета» (1972), «Вышыні святла» (1977), «Случчына» (1981), «Трэція пеўні» (1988), зборнік сатыры і гумару «Для дома, для альбома і трохі для эпохі» (1983). Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1958), «Казка пра цара Зубра» (1960), «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Казкі» (1968, 1976), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Ладачкі-ладкі» (1977), «Мы будуем метро» (1979), «Мінскія балады» (1982), «Казкі і краскі», «Госці», «Загадка пра зярнятка» (усе 1984), «Дзецям» (выбраныя творы ў дзвюх кнігах, 1986), «Свята дружбы» (1987), зборнік апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962). У 1973 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах[1].

Драматургія і публіцысціка

Аўтар п’ес «Прамень будучыні» (1948), «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (1951, пастаўлена тэатрам імя Я. Купалы ў 1952)[1].

Напісаў многа літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў на маральна-этычныя і выхаваўчыя тэмы, пісаў артыкулы пра К. Чорнага, М. Лынькова, М. Танка, Я. Брыля, В. Сухамлінскага і іншых. У 1977 выдаў кнігу дзённікаў, нарысаў і апавяданняў «Дзеці і мы», у 1982 — кнігу «Урокі», у 1988 — «Азбука душы». Адзін з аўтараў чытанак «Роднае слова» для 1 (1969), 2 (1970) і 3 (1988) класаў[1].

Пераклады

На беларускую мову пераклаў паэму У. Маякоўскага «Добра!» (1940, з Р. Лыньковым), «Паны Галаўлёвы(руск.) бел.» М. Салтыкова-Шчадрына (1956), кнігу В. Сухамлінскага «Блакітныя жураўлі» (1971), асобныя творы Л. Талстога, А. Чэхава, Я. Райніса, М. Ціханава, М. Рыльскага(руск.) бел., М. Бажана, М. Стэльмаха, а таксама творы іншых рускіх, украінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў[1].

На латышскую мову творы В. Віткі перакладаў Імантс Ласманіс, на украінскую Марыя Пазнанская(руск.) бел., Юрый Назаранка(укр.) бел. и Любоў Забашта(укр.) бел., на англійскую Уолтэр Мэй і Сяргей Сасінскі, на сербскую Вера Кусіцкі і Пётр Антановіч, на славацкую Гелена Крыжанова-Брындзова(укр.) бел., на эстонскую Муя Вээтам, на балгарскую Найдзен Вылчаў, на чэшскую Здэнка Берграва(укр.) бел., на французскую Сцяпан Батура, на нямецкую Уладзімір Чапега, на польскую Барыс Ошэраў і Аляксандр Барскі, на літоўскую Анзельмас Матуціс(літ.) бел. і Альбінас Жукаўскас, на нідэрландскую Р. дэ Врыес, на узбекскую Пулат Мумінаў(узб.) бел..

Сям’я

Унучка — Юлія Чарняўская (культуролаг і літаратар)[5].

Узнагароды

Дзіцячая бібліятэка імя Васіля Віткі ў Мінску

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972) за кнігі «Беларуская калыханка», «Казкі» і «Чытанка-маляванка»[1]. У 1978 узнагароджаны дыпломам Міжнароднага журы па прэміях Х. К. Андэрсена (1978)[1] з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.

Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума — «Знак Пашаны» і медалямі.

10 кастрычніка 1991 узнагароджаны медалём Францыска Скарыны

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Витка Василь // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 115. — 737 с.
  2. 1 2 3 4 5 Выбоістыя шляхі Юліі Чарняўскай
  3. Аповяд Таццяны Буднік
  4. 1 2 3 Жыў на свеце дзед Васіль
  5. Круги на воде. К столетию Василя Витки Архівавана 19 верасня 2015.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (47):
Літаратурныя крытыкі СССР
Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову
Заслужаныя дзеячы культуры Беларускай ССР
Дзіцячыя паэты
Драматургі паводле алфавіта
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з украінскай
Нарадзіліся 16 мая
Драматургі СССР
Асобы
Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта
Члены Саюза пісьменнікаў СССР
Памерлі ў 1996 годзе
Беларускамоўныя пісьменнікі
Перакладчыкі Беларусі
Публіцысты паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Памерлі ў Мінску
Публіцысты СССР
Паэты СССР
Пісьменнікі Беларусі
Паэты паводле алфавіта
Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
Перакладчыкі паводле алфавіта
Дзіцячыя пісьменнікі СССР
Нарадзіліся ў 1911 годзе
Перакладчыкі СССР
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Гумарысты Беларусі
Нарадзіліся ў Еўлічах
Кавалеры ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Перакладчыкі з рускай мовы
Паэты Беларусі
Памерлі 5 ліпеня
Беларускамоўныя паэты
Удзельнікі польскага паходу РСЧА
Публіцысты Беларусі
Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Дзіцячыя пісьменнікі паводле алфавіта
Пісьменнікі паводле алфавіта
Узнагароджаныя медалём Францыска Скарыны
Дзіцячыя пісьменнікі Беларусі
Літаратурныя крытыкі Беларусі
Драматургі Беларусі
Артыкулы пра пісьменнікаў без партрэтаў
Педагогі Беларусі
Пісьменнікі СССР
Нарадзіліся ў Слуцкім раёне