wd wp Пошук:

Арганічны статут Албаніі

Арганічны статут Албаніі — першы канстытуцыйны акт Княства Албанія, які быў прыняты 10 красавіка 1914 года.

Арганічны статут распрацоўвала Міжнародная кантрольная камісія (МКК) і складаўся з 17 глаў і 216 артыкулаў

Змест

Паводле статута, Албанія абвяшчалася канстытуцыйным, суверэнным і спадчынным княствам пад гарантыяй 6 вялікіх дзяржаў. Князь надзяляўся шырокімі паўнамоцтвамі: ён з’яўляўся главой грамадзянскай і ваеннай адміністрацыі, прызначаў савет міністраў. Але на справе яго ўлада не распаўсюджвалася за межы Дурэса, а наяўнасць МКК стварала становішча двоеўладдзя. Князь быў пазбаўлены магчымасці самастойных дзеянняў нават у рамках, вызначаных статутам. Заканадаўчым органам стала Нацыянальная асамблея, якая складалася з абраных ўскосным галасаваннем прадстаўнікоў адміністрацыйных акруг — санджакаў і тых членаў, якіх прызначаў сам князь. Узброеныя сілы княства складаліся з жандармерыі пад кіраўніцтвам галандскіх афіцэраў і міліцыі з мясцовых жыхароў. Афіцыйнай мовай княства, абавязковай для навучання ў школах, аб’яўлялася албанская. Статут змяшчаў шэраг спецыяльных артыкулаў аб уласнасці. Прыватная ўласнасць, у тым ліку ўласнасць феадальных землеўладальнікаў, узаконьвалася. Розныя катэгорыі ўласнасці, якія прызнаваліся асманскім заканадаўствам, уніфікаваліся. Спрашчалася таксама працэдура перадачы ўласнасці ў спадчыну. Захоўваліся турэцкія назвы адміністрацыйных адзінак.

Некаторыя палажэнні статута сур’ёзна ўшчамлялі суверэнітэт краіны. Захоўвала свае функцыі Міжнародная кантрольная камісія. Аўтары статута навязалі княству абавязанне прызнаваць усе дагаворы і пагадненні, заключаныя Портай з замежнымі дзяржавамі. На тэрыторыі Албаніі працягваў дзейнічаць, як і да здабыцця ёю незалежнасці, рэжым капітуляцый, які ставіў албанскіх грамадзян у нераўнапраўнае становішча ў адносінах да замежнікаў. Такім чынам, албанскае княства аказвалася ў паўкаланіяльнай залежнасці ад вялікіх дзяржаў, якія прысвоілі права вызначаць яго дзяржаўны лад і міжнародны статус.

Нягледзячы на тое, што вялікія дзяржавы гарантавалі тэрытарыяльную цэласнасць і нейтралітэт княства, гэтыя гарантыі не выконваліся: раён Шкодры быў па-ранейшаму адарваны ад княства, паўднёвыя раёны былі акупаваны грэцкімі войскамі.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·1914 год у Албаніі
Катэгорыя·Падзеі 10 красавіка
Катэгорыя·Гістарычныя канстытуцыі
Катэгорыя·Канстытуцыі Албаніі